Чырвоны генэрал

25 ноября 2016 г.

Навіны

Прэзыдэнцкія выбары ў Баўгарыі выйграў сацыялістычны прарасейскі кандыдат Румэн Радзеў. Былы лётчык і камандуючы ваенна-паветраных сілаў, 53-гадовы Радзеў надоечы сказаў, што Эўразьвяз павінен адмяніць санкцыі супраць Расеі. Яго нечаканае абраньне на кіраўніка Баўгарыі выклікала ступар ў вялікіх эўрапейскіх сталіцах, а потым падаўся ў адстаўку прэм’ер Бойка Барысаў.

59,35% “нечакана” атрымаў Румэн Радзеў, у час, калі контркандыдатка Цэцка Цатчэва дасягнула ўсяго толькі 36,17% галасоў. Радзеў зрабіў акцэнт падчас выбарчай кампаніі на антыіміграцыйнай палітыцы, настойваючы на тым, што ў інтарэсах Баўгарыі трэба дасягнуць раўнавагі паміж патрабаваньнямі Эўразьвязу і лепшымі стасункамі з Расеяй. Сацыялістычны кандыдат выйграў вельмі шмат на расчараваньні выбаршчыкаў няўдалымі мерапрыемствамі ўраду пад кіраўніцтвам Барысава што тычыцца барацьбы супраць карупцыі і рэформы дзяржаўнай адміністрацыі.

Абраньне русафіла выклікала адстаўку кансэрватыўнага прэ’м’ер-міністра Бойкі Барысава, пра што ён папярэдзіў напярэдадні галасаваньня. Калі баўгары “прагнуць палітычнага крызісу, то будуць мець яго”, папярэдзіў 57-гадовы Бойка Барысаў, тэрмін на пасадзе якога быў дзейсны да 2018 г.

Былы лётчык і камандуючы баўгарскіх ваенна-паветраных сілаў атрымаў надзейную перамогу ў супрацьстаяньні з 58-гадовай Цэцкай Цатчэвай, якую падтрымліваў прэм’ер Бойка Барысаў і ейная кансэрватыўная партыя Грамадзяне за Эўрапейскае Разьвіцьцё (GERB).

Румэн Радзеў выказаў падзяку за тое, што перамог у супрацьстаяньні “апатыі і страху”.

Адыход Барысава будзе мець наступствам заўчасныя парляманцкія выбары і пэрыяд няпэўнасьці для гэтай беднай краіны-члена ЭЗ, якая спазнала ў 2013 г. масавыя дэманстрацыі супраць карупцыі, многія месяцы палітычнай нестабільнасьці і першую адстаўку прэм’ер-міністра Барысава, абранага ў 2009 г., піша France Presse.

Генэрал Радзеў цалкам навічок у палітыцы, рабіў неспадзеўкі ад пачатку да канца, наступаючы з першага тура на сваю суперніцу Цэцку Цатчэву, якую крытыкавалі за брак харызмы і якая была аб’ектам расчараваньня бальшыні грамадзтва. Без палітычнай прыналежнасьці, але маючы падтрымку сацыялістаў (экс-камуністычнай PSB), Радзеў заявіў пра свае станоўчыя адносіны да адмены эўрапейскіх санкцый супраць Расеі і зазначыў, што “Крым (украінская паўвыспа, анэксаваная Расеяй у 2014 г.) зьяўляецца дэ факта расейскім”.

Ён абраны на пяць гадоў і заступіў на пасаду пасьля Расэна Плеўнэліева з кіруючай партыі, які вызначыўся сваёй крытыкай на адрас Уладзіміра Пуціна. Драматычна падымаючы стаўкі, партыя Барысава (GERB – Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі) заклікала мабілізавацца супраць “чырвонага генэрала”. Цатчэва выказала ацэнку, што перамога Радзева прывядзе да “замарожваньня эўрапейскіх фондаў” і “міжнароднай ізаляцыі” краіны.

У інтэрв’ю для аўстрыйскай газэты Die Presse ў нядзелю Плеўнэліеў выказаў трывогу наконт спробаў Расеі “дэстабілізаваць Эўропу” і адмыслова абвінаваціў Маскву ў тым, што яна фінансуе рухі, варожыя Эўразьвязу, у тым ліку і ў Баўгарыі.

Энэргетычны сэктар Баўгарыі ў значнай ступені залежыць ад магутнай прысутнасьці Расеі, а дзьве краіны зьвязваюць моцныя культурныя і гістарычныя сувязі.

Дода Рамнічану Пераклаў з румынскай В. Буйвал. Крыніца: румынская газэта “Evenimentul Zilei”, 15.11.2016 http://www.evz.ro/cine-este-rumen-radev-generalul-rosu-de-la-sud-de-dunare.html