Лезуць праз вакно: расейскія ваенныя базы ў Беларусі хочуць называць «сумеснымі інфраструктурамі»

16 ноября 2016 г.

Навіны

13 лістапада ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Беларусы за моцную Амэрыку”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца паведаміў пра новыя “ініцыятывы” антыбеларускага рэжыму і Масквы па ізаляцыі і блакадзе Беларусі ад цывілізаванага сьвету, па далейшай мілітарызацыі Беларусі. Распаўсюджваецца інфармацыя аб тым, што будзе зачынены транзітны шлях для людзей і транспарту з замежжа праз Беларусь у Расею. Цяпер вялікія колькасьці падарожнікаў павінны будуць перасоўвацца праз Украіну або краіны Балтыі. Беларусь брутальна пазбаўляецца статусу транзітнай краіны і ўсіх выгодаў гэтага статусу. Адбываецца далейшая карэізацыя нашай краіны, ператварэньне яе ў замкнёную прастору, дзе ніхто не павінен бачыць, што адбываецца, як жыве народ. Таксама афіцыйныя крыніцы паведамілі аб звароце прэм’ера Кабякова ў “Саюзную дзяржаву РБ і РФ” з праграмай “удасканальваньня аб’ектаў ваеннай інфраструктуры, якія будуць сумесна выкарыстоўвацца для забеспячэньня рэгіянальнай групоўкі войскаў РБ і РФ”. Цяпер расейскія базы будуць называцца “сумеснымі інфраструктурамі” і яны “будуць удасканальвацца”. Самае цікавае, што пра гэтую падзею ўпарта і аднадушна маўчаць “дэмакратычныя СМІ”, што існуюць у Беларусі.

Працягвае паглыбляцца эканамічна-фінансавы крызіс у Беларусі, які зьяўляецца арганічнай часткай крызісу, што лютуе на прасторах Расеі. У гэтых умовах Крэмль прыкладае намаганьні для далейшай міжнароднай ізаляцыі Беларусі, каб давесьці да поўнага краху нашу народную гаспадарку і прымусіць беларусаў ехаць у пошуках працы ў Расею. Усё часьцей Масква і мясцовы марыянэткавы рэжым трактуюць межы Беларусі з цывілізаванымі суседзямі як мяжу Расеі. Працягваецца палітыка татальнай русіфікацыі нашых людзей, пазбаўленьня беларускага народу апірышча ў роднай культуры, мове і традыцыі. Нізкавартасны расейскі моўна-культурны і адукацыйны сурагат вядзе да паглыбленьня дэмаралізацыі і дэзарыентацыі нашага народу. Супрацьстаяць гэтым разбуральным працэсам могуць толькі групы людзей і сем’і, якія гуртуюцца на аснове роднай мовы і культуры, самастойна і салідарна займаюцца самаадукацыяй і вяртаюцца да сьвятога і роднага.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра беларусаў – зьняважаных і абрабаваных, — якія пешкі вяртаюцца з Расеі на Радзіму. Іх прывабілі абяцанкі працы і заробкаў, а давялося галоднымі, з кіем у руках уцякаць з імпэрыі зла. Сябры распавялі таксама пра падзеньне ўзроўню апошніх існуючых зьяваў беларускамоўнай адукацыі. Многія настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ў рэжымных школах дэманстрацыйна грэбліва і нятворчы ставяцца да беларушчыны, адмыслова ператвараюць у нудную руціну ўрокі роднага. У выніку ўсё больш вучняў адварочваюцца ад беларушчыны, не разумеюць родную мову, становяцца ахвярамі русіфікатарскай бездухоўнасьці. Наўрад ці гэтыя працэсы ў сістэме адукацыі маюць стыхійны характар. Становіцца вядомай статыстыка заробкаў, пакупніцкай здольнасьці людзей, беспрацоўя ў розных рэгіёнах нашай краіны. З кожным месяцам усё больш беларускіх сем’яў апынаюцца ў безвыходнай сытуацыі, ня могучы забясьпечыць сябе паўнавартасным харчаваньнем, лекамі, адзеньнем і абуткам. Не хапае грошай на элемэнтарнае. Усё больш людзей разумеюць, што рэжым вядзе краіну да катастрофы. Але тут рэжым падключае да справы абалваньваньня грамадзтва вялікія колькасьці стукачоў і агентаў уплыву, якія пераконваюць беларусаў: “Лукашэнка дрэнны, а Пуцін добры – вунь як ён трымае Расею…” Пакуль што гэтая дэмагогія знаходзіць водгук у пэўнай часткі нашага грамадзтва.

Фронтаўцы павінны казаць народу праўду, але дапамагаць людзям вырвацца з кола адчаю і пэсімізма. Мы на сваёй зямлі, мы павінны гуртавацца вакол нашых нацыянальных каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў. Толькі згуртаваны народ здолее перамагчы ворага, пераадолець крызіс і распачаць працу па адбудове дэмакратычнай, заможнай, цывілізаванай і вольнай Беларусі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 13 лістапада 2016 г.