Віталь Портнікаў: Ода баязьлівасьці. Новы гімн Эўразьвязу

16 ноября 2016 г.

Навіны

Прэм’ер-міністр Нідэрляндаў Марк Рутэ заявіў, што будзе імкнуцца знайсьці кампраміс, які дазволіць ягонай краіне падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам нягледзячы на вынікі вядомага кансультацыйнага рэфэрэндума. Рутэ хоча дамагчыся прыняцьця юрыдычна абавязальнага дакуманта, у якім неабходна ўказаць, што яно не зьяўляецца перадпасылкай для паўнапраўнага членства Украіны ў ЭЗ, атрыманьня нашай краінай калектыўных гарантый бясьпекі і абавязацельстваў прадастаўляць ваенную дапамогу. Акрамя таго, Рутэ хоча, каб у пагадненьні было прапісана, што яно не дае ўкраінцам права на працу ў краіннах ЭЗ.

Я не зьбіраюся кідаць камяні ў Марка Рутэ. Ён шукае магчымасьць для галандскага палітычнага класа пагадзіцца з украінскай асацыяцыяй – і пры гэтым ня страціць твар. Ягоны ліст нідэрляндскім парлямэнтарам – гэта прыклад адказнасьці, бо кіраўнік ураду ўказвае, што эўрапейскае адзінства ў пытаньні аб украінскай асацыяцыі зьяўляецца “лепшым адказам на зьнешнюю палітыку Расеі, якая прыводзіць да дэстабілізацыі на зьнешніх межах Эўразьвязу”. Да таго ж тое, чаго патрабуе Рутэ – гэта пункты, якіх у пагадненьне аб асацыяцыі проста няма. Ні выразна абазначанай пэрспэктывы членства, ні гарантый бясьпекі і абавязацельстваў прадастаўляць ваенную дапамогу, ні гатоўнасьці прадаставіць украінцам права легальна працаваць у ЭЗ. Няма.

Калі б Эўразьвяз думаў пра сваю будучыню, яны павінны былі б там зьявіцца. Менавіта зараз. Тое, што Рутэ хоча дамагчыся прыняцьця дакуманта, які перакрэсьлівае саму магчымасьць такога разьвіцьця адносінаў паміж ЭЗ і Украінай – гэта не наша праблема. Гэта праблема Эўропы.

Украінскі Майдан 2013-2014 гадоў – “Эўрамайдан”, між іншым – быў зорнай гадзінай Эўразьвязу. Сотні тысячаў людзей, якія выходзілі на вуліцы, абараняючы сваё права на выбар эўрапейскага шляху разьвіцьця, дэманструючы гатоўнасьць змагацца за гэтае права ва ўмовах, калі ў самых краінах ЭЗ поўна эўраскептыкаў і эўраскугольшчыкаў – гэта была самая выразная дэманстрацыя прывабнасьці эўрапейскай ідэі. За ўвесь час існаваньня Эўразьвязу ніводзін з грамадзянаў краін, што складаюць яго, не аддаў жыцьцё за эўрапейскую ідэю. Проста праводзілі рэфэрэндумы – уступаць або не. Здавалася б, якія яшчэ патрэбныя доказы таго, што Эўразьвяз – гэта цывілізацыйны выбар нашых грамадзян?

Эўрапейцы ўсё зразумелі. Усё ўбачылі. Яны проста напалохаліся. Нават не нас – Расеі. Таму спачатку марудзілі з падпісаньнем пагадненьня аб асацыяцыі – падпісалі адну частку, потым другую. Доўга думалі, як адказаць за Крым – каб твар не страціць і грошы таксама не вельмі. Марынавалі “Містралі”. Потым быў гэты вядомы нідэрляндскі рэфэрэндум, цалкам маразматычны хаця б таму, што было зразумела – нават калі яго ўдзельнікі прагаласуюць супраць асацыяцыі, яна ўсяроўна будзе дзейнічаць. Сэнсу ў гэтым рэфэрэндуме быў з гулькін нос. Але ён выразна абазначыў крызіс і адсутнасьць бачаньня пэрспэктывы ў яго жыхароў. Бо тыя галандцы, якія прагаласавалі супраць – яны ж ня проста супраць эўрапейскага адзінства прагаласавалі. Яны нас здрадзілі. Здрадзілі ўжо пасьля таго, як “Боінг” зь іхнімі суайчыньнікамі згарэў у нашым небе, састрэлены расейскімі варварамі. Здрадзілі, бо хацелі пакараць нас за эўрапейскія сьцягі на Майдане. Здрадзілі, бо баяцца Расеі. І таму што хочуць грошай ад супрацоўніцтва зь ёю. І гэта – не вобраз. Калі адзін з сямейнікаў загіблых падчас авіякатастрофы малайзійскага “Боінга” сказаў пасьля прэс-канфэрэнцыі сьледчай камісіі, што разумее галяндскі ўрад, які ведае пра расейскую віну ў зьнішчэньні самалёта, але павінен дзейнічаць так, каб не нанесьці шкоды эканамічным сувязям Расеі і Нідэрляндаў, ён выказаў усю сутнасьць нідэрляндскага рэфэрэндума. Усю яго сапраўдную сутнасьць.

А пасьля гэтага шаленства адзін крызіс пачаў наслойвацца на другі. Сыход Вялікай Брытаніі. Тарпэдаваньне пагадненьня аб свабодным гандлі з Канадай, калі ўсёй грамадой давялося ўламваць – альбо падманваць – нават ня ўрад Бэльгіі, а ўрады яе рэгіёнаў. І гэта – толькі пачатак. Цяпер адзін крызіс будзе ў Эўразьвязе зьмяняць другі і ад бліскучай ідэі эўрапейскага адзінства не застанецца і сьляда – мы будзем сьведкамі зьяўленьня рыхлага маларухомага ўтварэньня, у якім прыхільнікі сапраўднага адзінства кантынэнта будуць з цяжкасьцю стрымліваць націск эўраскэптыкаў, папулістаў і проста прайдзісьветаў.

Баязьлівасьць гістарычна караецца.

Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://glavred.info/avtorskie_kolonki/oda-trusosti-novyy-gimn-evrosoyuza-397799.html