Перамога Дадона – толькі пачатак плана дэстабілізацыі Украіны.
Прарасейскі кандыдат Ігар Дадон спыніўся літаральна ў мілімэтры ад перамогі на выбарах новага прэзыдэнта Рэспублікі Малдова. Фактычна адзіны кандыдат праэўрапейксіх сілаў Мая Санду атрымала 38% галасоў. Пры гэтым перамогу Дадона ў першым туры “скраў” іншы маскоўскі агент на малдаўскай палітычнай арэне – адыёзны бізнэсовец і мэр Бэльцаў Рэната Усаты, які высунуў уласнага кандыдата.
Гэта кандыдат, журналіст Дзімітры Чубашэнка, набраў усяго 6% галасоў – чаго цалкам хапіла для таго, каб у Малдове быў прызначаны другі тур выбараў прэзыдэнта. Але пры гэтым прыхільнікі Чубашэнкі амаль абавязкава прагаласуюць за Дадона. А вось Маі Санду і ейным прыхільнікам для перамогі над кандыдатам Пуціна неабходна зьдзейсьніць цуд.
Трэба разумець, што посьпех Дадона на прэзыдэнцкіх выбарах – частка расейскага палітычнага плана па дэстабілізацыі… Украіны. Маленькая Малдова тут – толькі выпрабавальны палігон, сама па сабе яна Крэмль не цікавіць. Затое менавіта ў гэтай беднай краіне, частка тэрыторыі якой вось ужо 25 гадоў знаходзіцца пад расейскай акупацыяй, абкатваюцца новыя тэхналогіі.
Першая частка тэхналогій ужо пасьпяхова зьдзейсьнена ў Малдове і зараз пачынае зьдзяйсьняцца ва Украіне. Гэта – дэскрыдытацыя праэўрапейскіх палітычных сіл, доказ таго, што “усе яны” карумпаваныя, думаюць толькі пра сваю ночву, ня здольныя кіраваць краінай і наогул дзяржава “захоплена алігархамі” (у малдаўскім выпадку – алігархам Уладам Плахатнюком). Арганізуецца пратэст, у якім прарасейскія палітычныя сілы ўдзельнічаюць разам з празаходнімі, так што не зразумееш, хто ёсьць хто. Для вялікай часткі малдаўскага электарата Дадон і Усаты – ніякія не марыянэткі Пуціна, а “лідэры пратэстаў”. І тое, што Дадон доўгія гады быў ва ўладзе і прыналежны да маргіналізацыі малдаўскай эканомікі ў гады кіраваньня камуністаў, а Усаты – проста банальны бандзюган, нікога ўжо не хвалюе.
Потым пачынае ўнушацца думка, што на Эўропу спадзявацца няма чаго, “халявы” ня будзе, а будзе толькі “кармушка для алігархаў”. А добранькі дзядзька Пуцін, калі вы будзеце сябе добра паводзіць, дасьць вам прадаваць прадукцыю на неабдымным расейскім рынку і адновіць тэрытарыяльную цэласнасьць. Электарат пачынае верыць ў шызафрэнічную ідэю аб тым, што ўдасца дамовіцца і там, і там. На гэты фоне прарасейскі кандыдат перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах і дамагаецца перамогі марыянэтак на выбарах у парлямант. Пасьля гэтага прымаецца “план Дадона” аб фэдэралізацыі Малдовы, у выніку якога маленькая краіна падзяляецца на некалькі суб’ектаў. Самым вялікім кіруе Дадон, меншым суб’ектам з цэнтрам у Бельцах – Усаты, Прыднястройем і Гагаузіяй – мясцовыя стаўленікі Масквы. Фармальна нэўтральная, Малдова становіцца цэнтрам дэстабілізацыі суседніх краін – Украіны і Румыніі.
Але ці патрэбны Расеі такі фарпост без Украіны? Зразумела, не. У Крамлі ўпэўнены, што і ў нашай краіне ўсё пойдзе па такім жа сцэнары. Засталося толькі арганізаваць “мяшаны пратэст”, забясьпечыць перамогу сваіх марыянэтак на парляманцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах і дамагчыся той самай фэдэралізацыі, пра якую нястомна гавораць Пуцін і Лаўроў. І тады фармальна нэўтральная, бездапаможная Україна станецца цэнтрам дэстабілізацыі суседніх краін – Польшчы, Вугоршчыны, Славакіі і Румыніі, а разам з тым і гарантам ліквідацыі дзяржаўнасьці Беларусі, якая пасьля сыходу Лукашэнкі павінна быць проста далучана да Расеі ў якасьці яшчэ адной фэдэральнай акругі.
Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://rus.newsru.ua/columnists/31Oct2016/moldavskiyplanukrtainy.html