Падгорыца/Сараева – Яны дзейнічаюць так, нібыта Чарнагорыі пагражаюць паводка і хімічныя аварыі. З панядзелка ў гэтай балканскай краіне з 625000 жыхароў праводзяцца вучэньні НАТО па абароне ад катастрофаў. 32 дзяржавы і 680 асобаў удзельнічаюць у іх. Чарнагорыя павінна паказаць, што яна гатовая да маючага адбыцца ўступленьня ў НАТО.
Вучэньні павінны таксама быць сігналам Маскве. Бо сварка вакол сфэраў уплыву на Балканах пайшла па новым коле. Чарнагорская кіруючая Дэмакратычная Партыя Сацыялістаў і Пракуратура сьцьвярджаюць, што група прарасейскіх сэрбаў на 16 кастрычніка, у дзень парляманцкіх выбараў планавала путч супраць ураду Чарнагорыі. Масква павінна была макаць пальцы ў гэтай гульні.
З прычыны сьціплых фактаў, розных тэорый змовы ды інтарэсаў, а таксама палітычна залежнай юстыцыі тлумачэньне здаецца немагчымым. Многія мяркуюць, што “моцны чалавек” Чарнагорыі Міла Дзюканавіч і ягоныя людзі самы інсцэнавалі спробу путча, каб пасеяць страх, выйграць выбары і прадставіць апазыцыю як злачынцаў.
Падкінулі ключ
Арыштаваны ў Чарнагорыі былы начальнік сэрбскай жандармэрыі Браціслаў Дзікіч сьцьвярджае, што яму падкінулі ў кішэню ключ ад склада зброі – і ўся справа інсцэнавана. А Дзюканавіч, наадварот, кажа, што прарасейская партыя Дэмакратычны Фронт удзельнічала ў змове. Дакладна адно: Дзюканавіч хоча з дапамогай Захаду застацца ва ўладзе. З прычыны таго, што ўсе ніткі ў Чарнагорыі сыходзяцца ў ягоных руках, усе таксама – што Захад, што Расея – арыентуюцца на яго.
НАТО ў першую чаргу зацікаўлена ў тым, каб закрыць дзірку паміж членамі НАТО Харватыяй і Албаніяй на Адрыятычным беразе – 250 км належаць тут Чарнагорыі. Расею гэта больш чым злуе. МЗС у Маскве назваў уступленьне ў НАТО Чарнагорыі “канфрантацыйным крокам”, які прывядзе да далейшай дэстабілізацыі. Але найбольш небясьпечнай чарнагорская справа зьяўляецца перш за ўсё для сэрбскага прэм’ера Аляксандра Вучыча, які ўжо на працягу гадоў шукае баланс паміж Расеяй і Захадам.
Ненаўпрост яго папікаюць у тым, што ён недастаткова цьвёрда трымае сваю краіну, калі адтуль плануюцца замахі на чарнагорскага прэм’ера. Вучыч дапусьціў, што планы замаху былі – але яны ня мелі нічога агульнага з сэрбскай дзяржавай, а мела месца якраз ўмяшаньне замежных спэцслужбаў. Аднак непадалёк ад ягонага дома на мінулым тыдні была знойдзена вялікая колькасьць зброі і баепрыпасаў.
Нестабільнае геапалітычнае становішча
З прычыны слабасьці Эўразьвязу, няяснай пазыцыі ЗША, росту прысутнасьці дзяржаваў Пэрсідскай затокі, імкненьняў Турцыі і палітычных гульняў Расеі адчуваецца напружаная валтузьня на Балканах, таксама і ў Македоніі і Босьніі-Гэрцэгавіне. Толькі Албанія і Косава лічацца выразна празаходнімі. Цалкам непразрысты характар апошніх падзей у Чарнагорыі нагадвае здарэньне з перастрэлкай у македонскім Куманаве летась.
Адэльхайд Вёльфль Пераклаў з нямецкай В. Буйвал. Крыніца: аўстрыйская газэта “Der Standard”, 2.11.2016
http://derstandard.at/2000046795827/Putsch-und-russische-Agenten-Spiel-mit-Verschwoerungen-am-Balkan