(Дзяды. Мэмарыяльнае шэсьце і мітынг у Курапатах)
30 кастрычніка на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у нашай сталіцы сабраліся сотні людзей, каб ушанаваць Дзядоў. Удзельнікі сьвята прайшлі праз цэнтр горада пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, несьлі некалькі вялікіх крыжоў. Шмат было юнакоў і дзяўчатаў, а таксама маладых сем’яў з дзецьмі.
Пасьля шматкілёмэтровага шэсьця ўдзельнікі прышлі на тэрыторыю Народнага мэмарыялу “Лес крыжоў” у Курапатах. Тут адбыўся мэмарыяльны мітынг. Арганізатары мерапрыемстваў падзяквалі людзям, якія нягледзячы на непагадзь, дождж і холад прышлі, каб не памірала памяць пра сьвятых дзядоў. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Дзяды-16. Курапаты не паўторацца, бо мы пераможам!”
З прамовай выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Ён казаў пра вялікае змаганьне і ахвяры нашага народу, якія не павінны быць забытыя. На сьвятым месцы ў Курапатах мы заўсёды думаем і гаворым пра лёс нашай нацыі і дзяржавы, пра мінулае і сёньняшні дзень. У 1991 годзе наш народ перамог і аднавіў сваю дзяржаўную незалежнасьць. Свая Дзяржава дазволіла беларусам не перажываць на працягу чвэрці стагоддзя жахлівыя войны, разбурэньні і трагедыі, нашы людзі не гінулі ў імпэрскіх войнах Расеі. Патрыёты-фронтаўцы казалі на працягу ўсіх гэтых гадоў пра рэальную небясьпеку расейскай агрэсіі, захопу нашай краіны Масквой і зьнішчэньня нашай дзяржавы.
На жаль, ня ўсе людзі прыслухоўваліся да гэтых слоў і аргумантаў, вайна здавалася ім далёкай і немагчымай. І вось вайна палае ўжо па суседству – братняя Україна бароніцца ад расейскага імпэрыялізма. Бароніцца і перамагае. Вядомыя планы і цяперашнія агрэсіўныя дзеяньні імпэрскай Масквы ў адносінах да Беларусі. Як гэта было на працягу мінулых стагоддзяў, так і сёньня Крэмль хоча выкарыстаць нашу тэрыторыю для сваёй ваеннай агрэсіі супраць дэмакратычных дзяржаў. Гэта азначае, што яны зьбіраюцца прынесьці агонь і сьмерць на нашу зямлю. Мы павінны не дазволіць ім гэтага.
Вядома з гістарычнага досьведу, што народы, якія бараніліся ад ворага, страцілі значна менш людзей, чымсьці тыя, якія паддаліся агрэсару. Маленькая, гераічная Фінляндыя ёсьць яркім прыкладам таму. Вораг павінен ведаць, што мы рыхтуемся да абароны нашай Радзімы і ён знойдзе сваю пагібель на нашай зямлі. Вядома, што за русіфікацыяй, за здушальным ідэалагічным і псэўдакультурным нашэсьцем “Русского міра” заўсёды пачынаецца ваенная агрэсія, маскоўская вайна і маскоўскае варварства. Таму мы павінны супраціўляцца ўсёй зьнішчальнай антыбеларускай праграме імпэрскага ворага: размаўляць на роднай мове, падтрымліваць сваю культуру, а не чужынскі сурагат, выхоўваць беларусамі сваіх дзяцей. Той, хто размаўляе па-расейску – той страляе ў свой народ. Над магіламі нашых сьвятых пакутнікаў, забітых расейскімі акупантамі, мы заяўляем: Курапаты не паўторацца, мы абаронім краіну ад усходніх варвараў.
Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”, усклалі да крыжоў на магілах кветкі, паставілі сьвечкі і зьнічкі. Былі ўсталяваны крыжы, прывезеныя з розных рэгіёнаў краіны. Гучаў покліч “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 30 кастрычніка 2016 г.