Будапэшт. Вугоршчына не дазволіць, каб хто-кольвечы зьневажальна казаў пра рэвалюцыю 1956 года і яе ахвяры. Гэты адказ вугорскае міністэрства замежных спраў хоча выкласьці амбасадару Расеі ў Вугоршчыне.
Масква вызначыла вугорскую антыкамуністычную рэвалюцыю як “пагром”. Пра гэта напісана ў заяве, якую дыпламатычнае ведамства ў Будапэшце прадаставіла агенцыі МТІ.
Апазыцыйная партыя “Палітыка можа быць іншай” (LMP) сёньня запатрабавала, каб міністэрства замежных спраў адрэагавала на словы, якія прагучалі па расейскім дзяржаўным тэлебачаньні. У ёй яны цытавалі намесьніка дырэктара тэлебачаньня Дзімітрыя Кісялёва, які сьцьвярджаў, што за вугорскай рэвалюцыяй 1956 года стаялі заходнія звышдзяржавы – тобок Злучаныя Штаты.
У згаданай перадачы, паводле LMP, сьцьвярджалася таксама, што зь вязьніц падчас рэвалюцыі выпусьцілі тысячы нацыстаў.
Вугорцы 23 кастрычніка адзначылі 60-я ўгодкі выбуху вугорскай рэвалюцыі 1956 года. Яе праз два тыдні крывава здушыла савецкая Чырвоная армія, прычым загінула амаль 3 тысячы асобаў, да таго ж 12 тысяч было паранена і каля 200 тысяч чалавек уцяклі на Захад.
Пераклаў са славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “SME”, 25.10.2016 http://svet.sme.sk/c/20367439/moskva-oznacila-madarsku-revoluciu-v-roku-1956-za-pogrom.html