Вынікі міжнароднай сьледчай групы ў справе катастрофы малайзійскага самалёта адназначна паказваюць, што ў яго зьнішчэньне была непасрэдна заангажавана Расея – заявіла віцэ-прэм’ер па справах інтэграцыі з Эўразьвязам і НАТО Івана Клымпуш-Цыекадзэ.
“Я пераканана, што Расея адкажа перад міжнародным трыбуналам за 298 невінаватых ахвяр гэтага злачынства таксама, як будзе адказваць за 10 тысяч украінскіх жаўнераў і цывільных, забітых з расейскай зброі расейскімі рэгулярнымі войскамі і наёмнікамі, якімі камандвалі расейскія прафэсійныя вайскоўцы” – напісала віцэ-прэм’ер у сваім Фэйсбуку.
Сьледчыя, якія прадставілі ў Гаазе вынікі міжнароднага крымінальнага рассьледваньня ў справе малайзійскага самалёта, паінфармавалі, што ракета “Бук”, якой у ліпені 2014 г. быў састрэлены самалёт Malaysia Airlines, паходзіла з Расеі.
Паводле сьледчых, ракета была выпушчана з тэрыторыі, кантраляванай прарасейскімі сэпаратыстамі. Самалёт ляцеў з Амстэрдама ў Куала Лумпур.
arb Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 28.09.2016