У інфармацыйнай прасторы паплыла апазыц-навіна з Гомеля. Там мясцовыя ўлады звольнілі дырэктарку “Гомельского молодёжного театра” мадам Гарину (сапр. – З. Пархамчук). У знак пратэсту з трупы звольніліся яшчэ трое “вядучых акцёраў”. Мясцовым уладам, як паведамляюць акцёры і журналісты, не спадабалася нешта ў рэжысуры і нешта ў афішах тэатра (“надта змрочных”). А што, уласна, адбылося? Чаму за гэта павінны хвалявацца мільёны беларусаў? Тэатрык на працягу 25 гадоў свайго існаваньня займаецца пасьпяховай русіфікатарскай дзейнасьцю ў другім па велічыні горадзе нашай краіны. Гэта тыповы раённы “истинно русский театральный коллектив”. Беларускіх тэатраў у Гомелі ніколі не было, дзяржаўная незалежнасьць тут нічога не зьмяніла, бо не зьмяніўся антыбеларускі рэжым. Гэта калі не лічыць некалькіх яркіх зьяваў беларускай народнай творчасьці ў дзейнасьці аматарскіх трупаў, якія ніколі не атрымлівалі мінімальнай дзяржаўнай падтрымкі, рэкламы і г.д.
Тое, што адбылося ў Гомелі, гэта, у прынцыпе, падзея на абшарах “Русского міра”, у шэрагу громкіх заяў, канфліктаў і разборак, якія апошнім часам адбыліся ў жанры “русского провинциального театрального творчества”: “омский “Пятый театр” требует экспериментов”, “псковский театр им. Пушкина считает, что в провинции нужно рисковать особенно смело”, “члена Общественной палаты Республики Коми А. Щиголева смутили сцены из постановки “Гамлета” Театра драмы им. Савина (Сыктывкар): в особенности куплеты могильщиков и эпизод, в котором Офелию насилуют на рояле”, “эпатажем сочли появление на сцене обнажённого актёра в спектакле Краснодарского театра драмы им. Горького”, “психология смиренно спасовала под натиском агрессивной физиологии в театре драмы им. Волкова в Ярославле” (тут ужо вывелі на сцэну аголеную акцёрку) і г.д. А нам – беларусам – што да ўсяго гэтага?! Няхай яны там у сваім “русміры” хоць на вушы ўстаюць, нам што?
Пазыцыя мадам Пархамчук, якая камплексуе ад нярускага прозьвішча і надала сябе “более благозвучное” Гарина, — абсалютна выразная і адназначная. Яе пазыцыя і дзейнасьць цалкам адпавядаюць задачам маскоўскай вайны супраць беларускай мовы, культуры і традыцыі. Пра інцыдэнт і павінны былі б пісаць омскія, пскоўскія, сыктыўкарскія, краснадарскія і яраслаўскія газэты.
Для беларусаў гэта ёсьць вэрхал у асяроддзі асаднікаў ад культуркі.
Валеры Буйвал