Міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі абазваў “мярзотнікамі скончанымі” людзей, што вядуць дыскусіі аб сапраўднасьці гісторыі “28 герояў-панфілаўцаў”. Пра гэта паведамляе ТАСС.
“Маё найглыбейшае перакананьне заключаецца ў тым, што, нават калі б гэтая гісторыя была выдумана ад пачатку да канца, нават калі б не было Панфілава, нават калі б не было нічога, — гэта сьвятая легенда, да якой проста нельга дакранацца, — заявіў чыноўнік. – Само абмеркаваньне тэмы, на мой погляд, гэта блюзьнерства”.
Пры гэтым Мядзінскі прызнаў, што 28 – лічба “у пэўнай ступені ўмоўная”. “Было іх 28, 30, 38, нават можа 48 з 130 – мы ня ведаем, — зазначыў далей чыноўнік. – І ніхто ня ведае і ніколі не даведаецца. І пра гэта ня мае сэнсу даведвацца”.
У ліпені 2015 года Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі зьмясьціў на сваім сайце адлічбаваны даклад “Аб 28 панфілаўцах”, падрыхтаваны ў 1948 годзе Галоўнай вайсковай пракуратурай СССР. У ім даказваецца, што гісторыя 28 байцоў дывізіі Панфілава, якія нібыта спынілі коштам уласнага жыцьця германскую танкавую атаку пад Масквой у лістападзе 1941-га, была газэтнай выдумкай. Дырэктар Дзяржархіва Сяргей Міроненка назваў гісторыю “герояў-панфілаўцаў” міфам.
Пасьля гэтага Мядзінскі прыгразіў Міроненку звальненьнем. “Ёсьць пытаньне таго, чым работнікі архіваў павінны займацца”, — заявіў кіраўнік Мінкульта. Дырэктар архіва, зазначыў ён, — “гэта не пісьменьнік, не журналіст, не змагар з гістарычнымі фальсіфікацыямі”.
У сакавіку сёлета Міроненку зьнялі з пасады дырэктара – як сьцьвярджалася, на ягонае ўласнае жаданьне.
У чэрвені Мядзінскі заявіў, што барацьба з фальсіфікацыяй гісторыі Расеі, як і было, актуальная, бо гэта “барацьба за чалавечыя душы”.
Між тым дысэртацыйная рада Уральскага ўнівэрсітэта ў Екацярынбурзе разглядае пытаньне аб пазбаўленьні Мядзінскага ступені доктара гістарычных навук. Разбіральніцтва ініцыявалі двое-навукоўцаў-гісторыкаў і член “Дысернэта”. Яны ўказалі, у прыватнасьці, на грубейшыя мэтадалагічныя і факталагічныя памылкі ў рабоце Мядзінскага, а таксама на тое, што ў бібліяграфіі дысэртацыі прысутнічаюць фрагмэнты бібліяграфій чужых дасьледваньняў.
Пераклад з расейскай. Крыніца: http://graniru.org/Politics/Russia/Cabinet/m.255177.html