За кулісамі расейскай акупацыі

20 кастрычніка 2016 г.

Навіны

Сьледства ў справе забойства аднаго з лідэраў сэпаратыстаў Яўгена Жыліна адкрыла закулісьсе расейскага кіраваньня ва ўсходняй Украіне.

Забіты быў арганізатарам груп баевікоў, які змагаліся супраць украінскай рэвалюцыі, а потым стваральнікам атрада сэпаратыстаў “Оплот” у Данецку. Ён загінуў, застрэлены ў аўторак у люксюсовым рэстаране, што ў закрытым пасёлку маёнткаў пад Масквой, у раёне, дзе жывуць самыя багатыя расейцы.

Перш чым згубіць прытомнасьць, ягоны цяжка паранены ахоўнік пасьпеў прамармытаць паліцыянтам: “шахты на Данбасе”. Такім чынам, прынята як галоўную вэрсію факт, што Жылін загінуў з прычыны нелегальнай і паўлегальнай дзейнасьці, якой ён займаўся з тамашнімі лідэрамі і камандзёрамі сэпаратыстаў. Вядома, што расейскія спэцслужбы ліквідавалі многіх кіраўнікоў сэпаратыстаў, якія мелі свае атрады. Значна менш вядома аб тым, што таксама жорстка пазбаўляліся і цяпер пазбаўляюцца ад розных данбаскіх дамарошчаных бізнэсоўцаў. Ідзе вайна за кантроль над гандлем вуглем, продажам данецкіх камбінатаў на мэталалом альбо іх вывазам у Расею, адмываньнем брудных грошай (а менавіта заменай нелегальнай данбаскай наяўнасьці ў легальныя банкаўскія рахункі) – тлумачыць украінскі вайсковы экспэрт Юры Бутусаў.

Падобнымі рэчамі займаўся забіты Жылін яшчэ ў часы валадараньня Віктара Януковіча. Адзін з украінскіх палітыкаў успамінаў, што будучы сэпаратыст штосуботу вазіў з Харкава ў Кіеў наяўныя грошы: хабар ад мясцовых бізнэсоўцаў і палітыкаў для клана Януковічаў у сталіцы.

Але ў Расеі ўсё пайшло наперакасяк. Расейскі “чорны” і “шэры” рынак фінансавых паслуг (галоўным чынам легалізацыя даходаў праз фікцыйныя фірмы) “даўно падзелены, чужаніцы нікому не патрэбныя, а ўсе апэрацыі кантралююцца спэцслужбамі”. Пад іхнім адмысловым даглядам знаходзіцца “чорная фінансавая дзірка”, якой зьяўляюцца акупаваныя тэрыторыі, якія гарантуюць вялізныя прыбыткі. Іншы прышлы з Украіны “Мішаня Касы” (правая рука ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава), быў застрэлены ў сьнежні 2015 года ў Крыме за тое, што спрабаваў увайсьці на расейскі рынак падробленых акцызных тавараў.

Жылін, здаецца, заняўся вывазам з Данбаса здабытага там вугля, продажам яго ў Расеі, але таксама й ва Украіне (як паўднёваафрыканскага). Назад ён перавозіў на акупаваныя тэрыторыі бэнзін і машыннае масла – пад патранатам украінскага мільянэра Сяргея Курчанкі, які ўцёк у Расею. Але ён ў хуткім часе загарадзіў дарогу расейскім вайскоўцам, якія дакладна тое ж самае (тобок паліва) прадаюць на Данбасе з армейскіх складоў.

Анджэй Ламаноўскі Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 21.09.2016 http://www.rp.pl/Konflikt-na-Ukrainie/160929830-Kulisy-rosyjskich-rzadow-na-wschodniej-Ukrainie.html#ap-1