6 кастрычніка гэтага года дэпутаты нямецкага Бундэстага Ута Фінк-Крэмэр і Алівэр Качмарэк заявілі ў Менску, што Бундэстаг будзе на афіцыйным узроўні працаваць з абедзьвюма палатамі нелегітымнага кішэннага парляманту Лукашэнкі
Дэпутаты Бундэстага спаткаліся з кіраўніком МЗС Беларусі афіцэрам савецкага КГБ Уладзімірам Макеем і з прызначанымі рэжымам дэпутатамі палаты прадстаўнікоў.
Дэпутаты Бундэстага заявілі, што парляманцкія выбары 11 верасьня гэтага года ў Беларусі прайшлі зь “невялікім прагрэсам” і “гэта знак таго”, што кішэнны парлямант рэжыму “хоць у якой ступені абраны належным чынам”, і таму яны накіруюць запрашэньне яго дэпутатам наведаць Берлін.
У сувязі з такой заявай дэпутатаў Бундэстага мы ад імя Партыі, якая разам з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі правяла назіраньне за галасаваньнем на выбарах 11 верасьня, заяўляем пратэст.
Выбары 11 верасьня былі цалкам сфальсіфікаваныя і гэта пацьвярджаецца мноствам зафіксаваных парушэньняў. Фрэквэнцыя нідзе не перавысіла 50 адсоткаў. Выбаршчыкі Беларусі праігнаравалі фальшывыя выбары і не прыйшлі галасаваць. Парляманцкаія выбары ў Беларусі 11 верасьня, фактычна, не адбыліся.
Заява Цэнтральнай Выбарчай Камісіі (кіраўнік Л. Ярмошына) аб прызнаньні выбараў ёсьць грубай фальсіфікацыяй і парушэньнем закона.
З фальшаваньнем і парушэньнем закона прапушчаны ў “палату” усе дэпутаты. Фальсіфікацыя выбараў 11 верасьня зафіксавана ўсімі назіральнікамі ў Беларусі.
Заявы дэпутатаў Бундэстагу Уты Фінк-Крэмэр і Алівэра Качмарэка, зробленыя ў Менску, супярэчаць праўдзе, накіраваныя на легітымізацыю кішэннага парляманту рэжыму і на прызнаньне сфальшаваных выбараў за сапраўдныя насуперак фактам.
Заявы дэпутатаў Бундэстагу Уты Фінк-Крэмэр і Алівэра Качмарэка мы расцэньваем як неверагодныя.
У нас узьніклі сумненьні, ці сапраўды Бундэстаг даручыў ім такую місію, супраць якой мы пратэстуем. Ці выяўляюць гэтыя дэпутаты пазыцыю нямецкага Бундэстагу?
9 кастрычніка 2016 г. Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і БНФ “Адраджэньне”
Старшыня Зянон Пазьняк. Выканаўца абавязкаў Старшыні ў Беларусі Юры Беленькі.