Яшчэ раз “пра фуражку”

10 кастрычніка 2016 г.

Навіны

У Сеціве зьявіліся паведамленьні з Маладэчна. Там людзі ўбачылі, як па горадзе ходзіць чалавек у форменнай фуражцы афіцэра гітлерскай арміі, і здалі яго ў міліцыю. Раней гэтую асобу бачылі ўсю апранутую ў гітлерскую ўніформу. Цяпер гэты 33-гадовы грамадзянін дае паказаньні ў міліцэйскім пастарунку. Кажа, што купіў фуражку на барахолцы і г.д.

Безумоўна, паводзіны мярзотныя і за такое трэба караць па закону. Гітлерскія акупанты зьверствавалі на нашай зямлі і забывацца пра гэта нельга. Але паўстае пытаньне: а калі б грамадзянін хадзіў у фуражцы і ўніформе НКВДзіста, то ў міліцыю яго б не здавалі? Хутчэй за ўсё не. Ды й міліцыя яго ня стала б браць. Вышэйшы міліцэйскі чыноўнік пануючага рэжыму стаяў быў на трыбуне і прымаў парад разам з галоўным начальнікам гэтага рэжыму, у фуражцы і ўніформе НКВД. І нічога.

А розьніца якая? Можа маскоўскія акупанты паводзілі сябе менш па-зьверску або забілі менш людзей? Дык жа не, яны забілі значна больш беларусаў. Яны панавалі на нашай зямлі значна даўжэй і цяпер не разьнімаюць свае кашчавыя рукі на горле нашага народу. І гітлерскі нацызм і сталінскі гэбізм (у тым ліку ў яго сёньняшняй “праваслаўнай” упакоўцы) – гэта блізьняты-браты. Гэта абсалютнае зло.

У вызваленай Беларусі будзе забаронена таталітарная гітлерская і маскоўска-імпэрская сымволіка.

Янка Базыль