Санкцыі супраць РФ ніяк не зьвязаныя з рэалізацыяй рэформаў ва Украіне. Пра гэта выданьню “ГОРДОН” заявіў украінскі палітолаг, кіраўнік праўленьня Цэнтра прыкладных палітычных дасьледваньняў “Пента” Уладзімер Фісэнка, камэнтуючы словы віцэ-прэзыдэнта ЗША Джозэфа Байдэна пра магчымае зьняцьце санкцый з РФ у выпадку адсутнасьці рэформаў ва Украіне:
Прычым тут рэформы да санкцыяў супраць Расеі? Гэта ёсьць банальная адмазка. Антырасейскія санкцыі ўводзіліся не для стымуляваньня рэформаў ва Украіне, а для таго, каб пакараць РФ за агрэсію і стрымліваць яе ад далейшых праяваў агрэсіўных дзеяньняў. Таму я мяркую, што гэта адгаворка. Рэформы ва Украіне ня маюць ніякай наўпроставай сувязі з увядзеньнем і ўжо тым больш адменай санкцый супраць Расеі. Санкцыі прывязаны да рэалізацыі Менскіх пагадненьняў, а не ўкраінскіх рэформ. Мяркую, Байдэн проста агучыў логіку і пазыцыю некаторых партнёраў.
У тым, што пяць краін хочуць адмяніць санкцыі супраць РФ, няма ніякай сэнсацыі. Гэта вядома яшчэ з мінулага года. Шмат размоваў аб тым, што санкцыі могуць быць падкарэктаваны. У дыпламатычных колах гэтага не хаваюць. Ды й сам Парашэнка пра гэта цудоўна ведае. Выступаючы перад парлямантам, ён закрануў гэтую тэму. Ён папярэдзіў, што эўрапейскія краіны могуць зьмяніць сваю пазыцыю ў пытаньні супрацьстаяньня расейскай агрэсіі, таму мы, перш за ўсё павінны спадзявацца на сябе.
З іншага боку, я чуў ад эўрапейскіх дыпламатаў, што яны будуць шукаць узгодненае рашэньне. Адмова ад працягваньня санкцый азначала б індульгенцыю для Расеі, капітуляцыю перад Масквой. Наколькі я разумею, Мэркэль і іншыя ўплывовыя эўрапейскія палітыкі будуць шукаць гнуткі варыянт. Магчыма, асобныя краіны змогуць адмовіцца ад санкцый. Альбо рэжым санкцый аслабяць па шэрагу сэктараў. Такі варыянт таксама магчымы. Поўная адмена санкцый супраць РФ – гэта менш верагодны сцэнар.
Заява Байдэна аб зьняцьці санкцый з РФ – гэта падрыхтоўка ўкраінскага грамадзтва да такога разьвіцьця падзей. Ён не Парашэнку папярэджваў – прэзыдэнт і так усё ведае. Важны той факт, што гэтая інфармацыя прагучала публічна. Трэба зьвярнуць увагу на тое, што Байдэн гаворыць пра зьмену пазыцыі менавіта эўрапейскіх партнёраў. Гэта ня значыць, што ЗША адмовяцца ад санкцый. Акрамя таго, на дадзены момант ня йдзе гаворка пра адмену пэрсанальных санкцый. Яны будуць дзейнічаць і далей.
х
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн, выступаючы перад радай па міжнародных адносінах у Нью Ёрку, заявіў, што Україна павінна стрымаць свае абяцаньні аб эканамічных і палітычных рэформах, інакш санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі апынуцца пад пагрозай. Па ягоных словах, прынамсі пяць краін ЭЗ хочуць адмовіцца ад санкцый супраць РФ.
Пераклад з расейскай.