У інфармацыйнай прасторы яшчэ коціцца хваля штучнага захапленьня наконт “прарыву дзьвюх апазыцыянэрак” у рэжымную “палатку”. Радуюцца і так, і гэтак, маўляў, “дала слабіну сістэма” і цяпер “нашы, сапраўдныя народныя прадстаўніцы ў парляманце!” Але вось ужо і з тав. Канапацкай высьвятляюцца “дэталі “, а тут і з Нясьвіжа паступілі зьвесткі ад тамашніх жыхароў-выбаршчыкаў. Менавіта там “гераічна змагалася” за месца ў “палатцы” нам. начальніка ТБМ тав. Анісім. І “перамагла”!
Аднак, у гэтай гісторыі ёсьць свая перадгісторыя. Як і па ўсяе краіне, беларусы масава ведаюць і цудоўна разумеюць, што на такзваных “выбарах” дыктатуры йдзецца не пра сапраўдны выбар, а пра банальнае прызначэньне рэжымнай структурай і яе маскоўскім начальствам засядальнікаў у “палатцы”. Нясьвіжская акруга, натуральна, ня была выключэньнем з жульніцкага маніпуляцыйнага правіла, якое даўно ўжо зацьвердзілася ў якасьці лукашыстоўскай аксіёмы. Усе, хто цікавіцца ў горадзе Радзівілаў палітычнымі працэсамі, ведалі, што рэжым ужо мае сваю прызначэнку ў “палатку”. Вакол гэтай прадстаўніцы мясцовага настаўніцтва (дырэктаркі гімназіі Жураўлёвай) “аўтарытэты” з выбарчых камісій і зьбіраліся гарадзіць увесь фальсіфікацыйны гарод. Але раптам, незадоўга да “выбараў” з Менску паступіла новая ўводная – “у вас будзе новы палатачны кандыдат — апазыцыйны”. Машына на хвіліну спынілася, паміргала лямпачкамі і зьмяніла індывідуальную праграму. Некаторы час далёка ня ўсе ведалі імя новага рэжымнага прызначэнца. Папярэдняя “каронная кандыдатка” (якая ўжо прыкідвала, на якім месцы будзе сядзець у Авальнай залі, ды ў якім раёне атрымае дэпутацкую кватэру ў сталіцы) перажыла такі стрэс, што захварэла і зусім сышла з палатачнай гонкі. 11 верасьня стала вядома, наконт каго ў Нясьвіж прышла ўводная ад рэжыму.
Як кажуць на карнавалах і масках-шоў – “танцуюць усе!”
Алесь Хадасевіч