Гэта ж трэба так умець! На працягу ўсяго шоў “галасаваньня” група нібыта прафэсійных журналістаў так аніразу (!) і ня выйшла з рэдакцыі, каб на месцах пабачыць і зафіксаваць падзеі. Яны так і адседзеліся ў сваім камфортным закутку, ня высунулі носа. Можа гэта нейкае “новае веяньне” у міжнароднай журналістыцы, мясцовае вынаходніцтва? Хаця добра аплочаная халява – гэта вельмі старажытная практыка.
І вось цяпер гэтыя “знаўцы” пачалі выдаваць свае “канчатковыя высновы”. 16 верасьня (зрабіўшы для саліднасьці паўзу) яны апублікавалі тэкст пад хітрым тытулам – “Колькі прыйшло на выбары — 75% ці 45%?” Тлусты пытальнік на канцы сказу дазваляе халяўшчыкам у пэўнай ступені ўмыць ручкі – яны ж не пагаджаюцца з рэжымным фальшам, яны яшчэ дадаюць псэўдаапазыцыйны фальш і прапануюць чытачам самым прыняць рашэньне, каму верыць. Хватка прыдумана.
І галоўнае, за “вымытую” руку так проста іх ня схопіш. “Свабодаўцы” залемантуюць: “Ну, мы ж не былі на ўчастках, адкуль нам ведаць дакладна?!” І на каго ж яны там спасылаюцца як на крытэр ісьціны? А вось чытаем па тэксьце:
“Але незалежныя назіральнікі адзначалі значна меншую яўку: дзе крыху больш, а дзе і менш за 50%. Так, у выніковай справаздачы (PDF) кампаніі «Права выбару» даюцца зьвесткі пра яўку на 9 акругах (у Берасьці, Віцебску, Гродне, Магілёве і пяці ў Менску; яшчэ ў адной акрузе, дзе працавала кампанія, яўку лічыць ня сталі, бо назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі). Найвышэйшая яўка, паводле назіральнікаў, склала 54,1%, найменшая — 32,2%. У сярэднім на 9 акругах, паводле «Права выбару», яўка склала 44,67% (афіцыйна — 52,37%)”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/a/27993380.html
Пад згаданымі ў тэксьце “незалежнымі назіральнікамі” маюцца на ўвазе прадстаўнікі згаданай грантаўскай канторы “Права выбару” і яшчэ некалькі падобных грантаўскіх целаў, утвораных адмыслова пад выбарчы фарс. Фронтаўскія назіральнікі адзначалі, што шматлікія супрацоўнікі гэтых кантор “працавалі вельмі добра, арганізавана, назіралі і падлічвалі сумленна”. Так падалося патрыётам. Але адразу паўстала пытаньне наконт кіраўнікоў гэтых грантаўскіх ініцыятыў. Напрыклад, па асобе такога даўно спаленага пэрсанажа як А. Лабковіч. І вось яно стала зразумелым, куды накіравалася ўся іхняя “арганізаванасьць і сумленнасьць”. Вынікі, якія падаюць гэтыя канторкі – такая ж хлусьня, як і рэжымная статыстыка (арыфмэтычная розьніца ня мае значэньня). Рэжым аддаў загад усім гэтым там сваім залежным удаваць дэмакратычную працэдуру і паводзіць сябе ў рамках прыстойнасьці, а ў канцы зрабіць выразны жэст з мэтай паратунку рэжыму.
Сапраўды сумленныя назіральнікі-патрыёты паведамляюць з усяе краіны, што нідзе колькасьць удзельнікаў “галасаваньня” не перавысіла ў сапраўднасьці 30%. Падсадным лабковічам важна заявіць, што дзе-нідзе “яўка была вышэй за 50%” (ну хаця б 45%) і прадэманстраваць даволі моцную падтрымку рэжыму насельніцтвам. “Свабодаўцы” разам з лабковічамі цягнуць антыбеларускі рэжым за вушы з балота, як таго бэгемота з класічнага вершыка. І не баяцца быць сьмешнымі.
А пачынаецца “свабодаўскі” выніковы тэкст пра “выбары” выкапаным недзе фота: перад кабінкай для галасаваньня стаяць у чарзе людзі, ды яшчэ маладыя і модныя. Гэта ж які быў, аказваецца, энтузіязм – моладзь паваліла на “выбары”! А мы (што пабылі на выбарчых участках ды паглядзелі на антураж, што сядзелі там назіральнікамі) бачылі зусім іншую карціну – пустыя памяшканьні для галасаваньня, пакінутыя ўсімі выбарчыя камісіі, рэдкія самотныя фігуры на фоне ўсеагульнай пустаты. Ну і як гэтае ўсё такое называецца?!
Алесь Хадасевіч