Пуцін плянуе стаць Сталінам

23 верасня 2016 г.

Навіны

У дзень сьмерці Ёсіфа Сталіна, 5 сакавіка 1953 года, намесьнік старшыні Савета Міністраў СССР маршал Савецкага Саюза Лаўрэнці Берыя быў прызначаны яшчэ і міністрам унутраных спраў СССР. Гэта было няпростае прызначэньне.

Спадчыньнікі Сталіна стварылі для Берыі супэр-ведамства, якое аб’яднала функцыі МУС і МГБ. Берыя сьпяшаўся ўзяць рэванш за гады, калі ён ня быў куратарам сілавых ведамстваў і апасаўся таго, што былыя падначаленыя па ўказаньню “правадыра народаў” расстраляюць яго ў падвале Лубянкі як брытанскага шпіёна.

Узмацненьне Берыі, сам факт зьяўленьня сілавога ведамства, якое валодала неабмежаванай уладай у краіне, так напалохаў паплечнікаў Лаўрэнція Паўлавіча, што ўжо праз тры з паловай месяцы яны яго арыштавалі. А 23 сьнежня 1953 года вечны кашмар Берыі збыўся – яго расстралялі ў падвале як брытанскага шпіёна. Нават Сталін ніякі не спатрэбіўся.

З таго часу ўсе намаганьні партапарата былі скіраваны на зьмяншэньне ўлады чэкістаў. Супэр-ведамства зноў падзялілі на некалькі. Старшыня КГБ здолеў патрапіць у палітбюро толькі праз два дзесяцігоддзя пасьля арышту Берыі – і гэта быў не чэкіст, а партыйны функцыянэр Юры Андропаў. Так што аб усяўладдзі чэкістам давялося забыцца. Але мара аб ім не памерла. І яна жыве ў сэрцы кожнага, хто прайшоў праз КГБ.

Менавіта таму Уладзіміро Пуцін вырашыў пайсьці па склізкай дарожцы Лаўрэнція Берыі. Паводле інфармацыі маскоўскай газэты “Коммерсант”, яшчэ да наступных прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі будзе створана супэрведамства – новае Міністэрства дзяржбясьпекі.

Для пачатку адродзіцца КГБ СССР, функцыі якога пасьля краху КПСС былі значна абмежаваны. У новае МГБ увальюцца Служба зьнешняй выведкі і бальшыня падраздзяленьняў Фэдэральнай службы аховы. Але галоўнае – дык гэта тое, што супрацоўнікі МГБ будуць ня проста суправаджаць і забясьпечваць рассьледваньне крымінальных спраў, узбуджаных паводле іхніх матэр’ялаў Сьледчым камітэтам МУС, а зьдзяйсьняць працэсуальны нагляд за імі.

Да таго ж МГБ будзе займацца забесьпячэньнем уласнай бясьпекі ва ўсіх праваабарончых і сілавых структурах. А гэта азначае, што ўсе астатнія сілавыя ведамствы будуць падпарадкоўвацца “чэкістам”. Пра такое нават Берыя не марыў.

Прычыны, па якіх Пуцін хоча пайсьці на такую рэформу, зразумелыя. Гэта ня толькі сэнтымэнтальная закаханасьць у Лубянку і яе падвалы. Набліжаецца час эканамічных цяжкасьцяў. Пуцін больш ня можа разьлічваць, што ягоныя грамадзяне будуць любіць яго за “лепшае жыцьцё”. Яму трэба запалохаць і эліту, і народ – каб ні ў каго нават не ўзьнікала думкі аб магчымасьці адстаўкі дыктатара і мадэрнізацыі рэжыму.

Па вялікім рахунку, Пуцін нават не Берыяй хоча стацца. Берыяй будзе той, каго прызначаць міністрам дзяржбясьпекі. А Пуцін хоча стацца Сталіным узору 1937 года. Каб усе баяліся.

Толькі вось у Сталіна і Берыі быў ГУЛАГ зь ягонай рабскай працай. А ў Пуціна – марнеючы “Газпром” і ненадзейная “Роснефть”. Гэта, генацвале, зусім не адно і тое ж.

Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://ru.espreso.tv/article/2016/09/19/pochemu_putyn_reshyl_stat_berye