І да маскоўцаў дайшло, што на фальшывыя выбары ня трэба хадзіць

23 верасня 2016 г.

Навіны

Віталь Портнікаў напісаў: У выніках парляманцкіх выбараў (так і хочацца ўзяць гэтыя словы ў двукосьсе, бо ў суседней краіне няма ні парляманта, ні выбараў), што прайшлі ў Расеі, важная, зразумела, не колькасьць галасоў, атрыманых брыдкай “Едіной Россіей” і яе сатэлітамі, якія разам падтрымалі агрэсіўную палітыку Пуціна.

Зразумела, што ўсе вынікі выбараў былі напісаны ў адміністрацыі прэзыдэнта за некалькі месяцаў да іх правядзеньн. Зразумела, што ў Думу маглі патрапіць толькі чатыры сэрвільныя “партыі”. Зразумела, што ўсе месцы ў думскім кіраўніцтве ўжо разьмеркаваныя. Паўтаруся, ніякага парляманту ў Расеі няма і быць ня можа, ягоныя функцыі выконваюць клеркі з адміністрацыі прэзыдэнта. А грамадзяне – дакладней, жыхары, грамадзян у Расеі таксама няма – проста ўдзельнічаюць у бессэнсоўным спэктаклі, пакліканым даказаць, што ў іхняй краіне існуюць дэмакратычныя інстытуцыі.

Дык вось, самае галоўнае, самае прыкметнае, самае важнае для Расеі – і для нас, яе суседзяў – што жадаючых удзельнічаць у гэтым спэктакле становіцца ўсё менш. І гэта – нягледзячы на тое, што ўлада спрабавала згуляць ў чарговую гульню ў напарстак з думаючай часткай насельніцтва і кінула ёй абгрызаную костку у выглядзе ўдзелу дзьвюх партый дэмакратычнай накіраванасьці – “Яблока” і ПАРНАСа. Зразумела было, што ні ў які парлямант гэтыя партыі не патрапяць, што аддадзеныя за іх галасы проста разьмяркуюць між сабой “пераможцы”. Але ілюзія выбараў усё ж была створана і інтэлігенцыя з сацыяльных сетак атрымала цудоўную магчымасьць спрачацца, хадзіць на выбары або ўсё ж ня варта.

Не пайшлі. Перш за ўсё, у сталіцах – Маскве і Санкт-Пецярбурзе. Яўка ў гэтых гарадах у два разы ніжэй, чымсьці на мінулых выбарах. Бо тады – да выразных фальсіфікацый і пратэстаў на Балотнай – яшчэ была ілюзія, што жыхары нешта там рашаюць. Цяпер яна канчаткова зьнікла – і ніякая прысутнасьць “Яблока” у бюлетэні яе ўжо ніколі не адродзіць.

У правінцыі, зразумела, яўка розная – ад рэкордаў у Чачэніі да вынікаў, блізкіх да маскоўскіх. Але ў канчатковым рахунку, правінцыя ў Расеі не вырашае наогул нічога. Гэта проста трэба зразумець і прыняць. Расея – гэта не дзяржава. Дзяржава – гэта Масква і “крышку” Пецярбург. У 1991 годзе амаль уся расейская правінцыя падтрымала ГКЧП. А Масква падтрымала Ельцына. І Піцер таксама. І ўсё абласное і краявое начальства – разам з насельніцтвам – ужо праз некалькі дзён радавалася, што забаранілі КПСС. А перамог бы ГКЧП – радаваліся б, што арыштавалі Ельцына. Такія людзі. Ва ўсёй правінцыі – па-за выключэньнем невялікай часткі насельніцтва нацыянальных рэспублік, якія ўсё яшчэ мараць вызваліцца ад імпэрскага гнёту – вялікая частка жыхароў наогул не цікавіцца будучыняй дзяржавы. Скажуць у Маскве, што цяпер прэзыдэнтам будзе Яўлінскі – ну і прыўкрасна. Нават Абама – цудоўна. Толькі не чапайце нас і раскажыце па тэлевізару, што нам думаць.

А Маскве не ўсё роўна. Таму калі яе жыхары – як і піцерцы – ня ходзяць на “выбары”, гэта азначае, што расейскія сталіцы перастаюць быць калектыўным Глупавым. Што людзі, якія жывуць там, пачынаюць разумець сваю няздольнасьць паўплываць на падзеі ў краіне з дапамогай дэмакратычных працэдур. А ў спэктаклі ўдзельнічаць не жадаюць. І няхай многія правінцыялы як раней успрымаюць выбары як сьвята, на якое, як на пахаваньне, трэба надзець усё лепшае і адпрасаванае, масквічоў гэтым ужо ня возьмеш. На пахаваньне яны ня хочуць. Нават тая яўка, якая ёсьць у сталіцы – гэта ж бюджэтнікі, якім не адкруціцца, сілавікі і чыноўнікі – бандыты, якія ахоўваюць рэжым. Ну яшчэ, між іншым, тыя самыя людзі – 15 адсоткаў, між іншым, – якія прагаласавалі за “Яблоко”. Тобок на выбары ў Маскве не прыйшоў наогул ніхто. Наогул.

Гэта – выдатна. Аб такой страце сувязі паміж пуцінскай апрычнінай і насельніцтвам можна было толькі марыць. Для сталіц гэта ўжо напэўна – не іхняя ўлада, не іхні прэзыдэнт, не іхні парлямант. Чужыя. А свае – зьявяцца, як толькі абваліцца расейская эканоміка. Зразумела, гэта пытаньне не аднаго дня, але тэндэнцыя становіцца відавочнай.

Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://pda.kontrakty.ua/article/97386