(Верасьнёўскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
18 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “У Беларусі адыгралі чарговы выбарчы фарс”. З дакладамі выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўца прадставіў вынікі назіраньня за выбарчым фарсам, зробленыя назіральнікамі КХП-БНФ у розных рэгіёнах краіны. Паўсюль назіралася тая самая карціна: грубыя парушэньні заканадаўства, ціск на выбаршчыкаў, нізкая яўка на выбарчых участках. Пасьля належнага афармленьня пакет дакумантаў будзе перададзены ў міжнародны друк і міжнародныя аргаізацыі. Але ўжо падчас “папярэдняга галасаваньня” і ў дзень асноўнага галасаваньня назіральнікі і кіраўніцтва КХП-БНФ апэратыўна прадастаўлялі дадзеныя пра шматлікія і сістэматычныя парушэньні, пра сапраўдную статыстыку выбарчага працэсу ў АБСЭ і міжнародным назіральнікам.
Сп. Ю. Беленькі выказаў шчырую падзяку ўсім фронтаўцам, якія ахвярна працавалі ў вельмі цяжкіх умовах рэжымнай гістэрыкі і псіхалагічнага ціску. Дзякуючы намаганьням і палітычнаму прафэсіяналізму гэтых людзей удалося сабраць і прадставіць доказы таго, што выбары не былі дэмакратычнымі і празрыстымі, што адбыўся чарговы электаральны фарс.
У той жа час раскрылася вельмі адназначна сутнасьць падстаўной псэўдаапазыцыі, якая актыўна ўключылася ў антызаконную гульню рэжыму і прыклала намаганьні для прыцягненьня грамадзтва на выбарчыя ўчасткі. Псэўдаапазыцыя правалілася разам з псэўдавыбарамі. “Навінкай” сёлетнега фарсу стала адпрацоўка новай тактыкі фальсіфікатараў менавіта ў справе назіраньня за выбарамі.
Напрыклад, назіральнікі ад КХП-БНФ адзначалі “прафэсійную працу” шматлікіх назіральнікаў ад грантаўскай структуры “Права выбару”. Гэтыя асобы апэратыўна фіксавалі парушэньні, адэкватна тлумачылі міжнародным назіральнікам, што адбываецца на выбарчых участках, стваралі ўражаньне сумленных людзей. Аказалася, што ўсё гэта рабілася дзеля зьнешняга эфэкту і забесьпячэньня даверу гэтай структуры (і падобным структурам). Пасьля заканчэньня выбараў кіраўніцтва “Права выбару” апублікавала фальшывыя, значна завышаныя вынікі галасаваньня і яўкі (фрэквэнцыі) выбаршчыкаў з мэтай забясьпечыць легітымнасьць дзеяньняў рэжыму і вынікаў выбарчага фарсу.
Аднак, гэты грантаўскі фальш не паўплываў на прыняцьце рашэньня дэмакратычнымі краінамі. Надта масавымі і сістэматычнымі былі парушэньні і фальшаваньні падчас выбарчага фарсу. Выбары ў палату прызнаны дэмакратычнай супольнасьцю нелегітымнымі і несапраўднымі.
Таксама выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Па ўсяе Беларусі, нават у традыцыйна “электаральна актыўных” Гомельшчыне і Магілеўшчыне людзі масава не пайшлі на выбарчыя ўчасткі, праігнаравалі выбарчы фарс. Здараліся выпадкі адмовы членаў выбарчых камісій удзельнічаць у фальшаваньні галасаваньня і яго вынікаў. Паўсюль беларусы кажуць пра тое, што яны разумеюць сутнасьць фальшывых “выбараў” і ня хочуць у іх удзельнічаць. Сваю пазыцыю яны лічаць формай барацьбы за дастойнае жыцьцё ў краіне, дзе будзе шанавацца закон і правы людзей. Беларусы называюць сваю пазыцыю перамогай над антынародным рэжымам, якому не ўдалося ў чарговы раз падмануць грамадзтва.
Сойм абмеркаваў і прыняў Заяву “Аб фальсіфікацыі парляманцкіх выбараў у Беларусі” (публікуецца).
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 18 верасьня 2016 г.