Аб фальсіфікацыі парляманцкіх выбараў у Беларусі

20 верасня 2016 г.

Навіны

(Заява Сойму КХП-БНФ)

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ ажыцьцяўлялі назіраньне за галасаваньнем на выбарах у Палату Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 11 верасьня гэтага году. Па выніках назіраньня заяўляем наступнае:

  1. Выбары ня могуць быць прызнаныя за справядлівыя і дэмакратычныя з прычыны грубых, сістэматычных і паўсюдных парушэньняў закону, дэмакратычных прынцыпаў і працэдур выбарчага працэсу. Парушэньні выяўлены ў наступным:

1.1. Участковыя выбарчыя камісіі ствараліся адміністрацыйным спосабам з працаўнікоў адной установы, школы, арганізацыі. Кіраўніком камісіі прызначаўся кіраўнік гэтай арганізацыі, школы, установы. Гэта стварала сацыяльную залежнасьць членаў камісіі ад кіраўніка камісіі.

1.2. У выбарчыя камісіі (найперш участковыя) па-валюнтарысцку не былі ўключаныя прадстаўнікі апазыцыйных і альтэрнатыўных да ўлады груп.

1.3. На папярэдняе галасаваньне ськіроўвалі людзей пад адміністрацыйным прымусам, шляхам цску, запалохваньня і пагроз.

1.4. У час папярэдняга галасаваньня зафіксавана грубае завышэньне (у некалькі разоў) яўкі выбаршчыкаў на папярэдняе галасаваньне і ўкідваньне чыстых бюлетэняў у скрыні для галасаваньня (месцамі у вялікіх колькасьцях – па некалькі сотняў бюлетэняў за адзін раз).

1.5. У дзень выбараў 11 верасьня паўсюдна зафіксавана нізкая яўка (фрэквэнцыя) выбаршчыкаў на галасаваньне. Яўка была ніжэй за 50 адсоткаў і вагалася ў межах ад 25 да 30 адсоткаў. Зафіксавана фальсіфікацыя фрэквэнцыі з боку ўчастковых камісіяў і завышэньне яўкі ў некалькі разоў

1.6. Паўсюдна рабіліся перашкоды незалежным назіральнікам у час паліку галасоў (недасягальная адлегласьць для назіраньня, немагчымасьць бачыць, што робіцца на стале зь бюлетэнямі, немагчымасьць пракантраляваць, як бюлетэні раскладаюцца па прозьвішчах кандыдатаў).

1.7. Зафіксаваныя маніпуляцыі са сьпісамі выбаршчыкаў, а таксама групы людзей, якіх перавозілі на спэцыяльным транспарце з участка на ўчастак, дзе яны галасавалі па сфальшаваных сьпісах па некалькі разоў.

  1. Аналіз парушэньняў выбарчага заканадаўства, якія мелі паўсюдны характар сьведчыць аб тым, што парляманцкія выбары, якія адбыліся 11 верасьня 2016 года ў Рэспубліцы Беларусь, былі сфальсіфікаваныя зь ведама і пад прыкрыцьцём Цэнтральнай Выбарчай Камісіі.

Дзеяньні Цэнтральнай Выбрачай Камісіі і яе старшыні маюць прыкметы крымінальнага злачынства. Супраць іх можа быць узбуджана крымінальная справа.

18 верасьня 2016 г. г. Менск

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ