Правал выбарчага фарса і «разыначка»

13 верасня 2016 г.

Навіны

Увечары 11 верасьня стала абсалютна зразумела, што насельніцтва нашай сталіцы праваліла арганізаваны рэжымам выбарчы фарс. Назіральнікі паведамляюць пра сумарную колькасьць грамадзян, якія прагаласавалі “датэрмінова” і ў дзень “асноўнага галасаваньня”. Іх прыкладна ад 25 да 30%. Нізкая яўка выбаршчыкаў назіралася ў гарадах і мястэчках па ўсёй краіне. Зараз ідзе апрацоўка паведамленьняў назіральнікаў, якія працавалі ў рэгіёнах.

Уся гэтая статыстыка не стасуецца з бахвальскімі паведамленьнямі бонзаў і тэлепаслугачоў рэжыму. Наша грамадзтва ўжо навучылася не зьвяртаць увагі на фальшывае трызьненьне рэжымных начальнікаў і іхніх тэлерупараў. Ім ужо ня верыць абсалютная бальшыня грамадзтва. Як заўсёды, рэжым выкарыстаў “адміністрацыйны рэсурс”: былі вымушаны зьявіцца на выбарчых участках людзі з залежных катэгорый грамадзтва (службоўцы, бюракратыя, выкладчыкі і настаўнікі, студэнты, жыхары інтэрнатаў). Як заўсёды большую актыўнасьць праяўлялі грамадзяне старэйшага пакаленьня. Камісіі паўсюдна ўкідвалі пачакі бюлетэняў у урны. Цяпер адбываецца фальшаваньне пратаколаў на аснове падтасаваных дадзеных.

Але масавасьці не было нідзе (па-за выключэньнем штучных сцэн, арганізаваных рэжымам для “карцінкі” і замежных назіральнікаў). Сытуацыя склалася настолькі відавочная і мізэрная, што рэжым выпусьціў у апазыц-эфір свайго “супэрмальца” А. Янукевіча (кіраўніка псэўда-БНФ). «Источник-000» гукаў у інфармпрастору: “Тыя, хто не ідзе на выбары, падыгрываюць уладам”. Чым вельмі насьмяшыў грамадзтва.

Беларусы прагаласавалі нагамі. Бязлюдныя памяшканьні для галасаваньня прадэманстравалі, што грамадзтва ня хоча ўдельнічаць у фальшывых гульнях рэжыму.

Сяргей Камароўскі

П.С. У апошні момант ужо стаў вядомы сьпіс прызначэнцаў у «палату». Ёсьць «разыначка». На месца адыёзнай беларусафобкі Абрамавай, якая доўгі час выконвала ў палатцы ролю амаль «апазыцыі» прызначана асоба з псэўдаапазыцыі Лябедзькі – нейкая спадарыня Канапацкая, якая ў інтэрв’ю зь вядомым журналістам Глебам Лабадзенкам ня здолела нават слова зьвязаць па-беларуску, не ўяўляе дзе і ў якім сьвеце яна жыве. Слухай Эўропа! Апазыцыя ў палаце ёсьць. А вы думалі!