Такое раней было больш характэрна для расейскага палітцырку. У маскоўскай традыцыі здаўна існуе традыцыя “чудить-рядить”, “чудить без баяна”, “отрываться на публике”. Жырыноўскі, напрыклад, на сваім блазенстве зрабіў бліскучую паліткар’еру, у 1991 годзе пад свае дэманстрацыйныя выбрыкі нават набраў на выбарах 11 мільёнаў галасоў па ўсёй РФ (!). Непатапляльны “шут гарохавы” існуе ўжо чвэрць стагоддзя і не зьбіраецца на пэнсію. У Расеі гэта ўсё адпрацавана.
Поўны правал дэмагагічнай і пустой “выбарчай кампаніі”, цалкам праігнараванай беларускім народам, вымусіў выступіць наперад “новаму авангарду” цыркавых майстроў.
Безумоўнае творчае лідэрства ў сьпешна скалочанай цыркавой трупе належыць сп. Падголу (у народзе Фантамас). Тое, што з падачы “дэмСМІ” на працягу гадоў пампезна называлася “філёзафам” і дагэтуль не вылазіць з экрана Белсата, праявіла нешэраговы талент у лёгкіх жанрах. Цікава, “філёзаф” сам гэта ўсё прыдумаў (форму танкіста, цэглу ў руках) альбо яму гэта падсунулі? Але тое ня важна. Важней вось што: блазен махае цэглай з экрана БТ і адначасова (па-беларуску!) агучвае вельмі сур’ёзныя тэзісы беларускага нацыянальнага Адраджэньня, Народнага Фронту, нашых лепшых мысьляроў. Задача зразумелая: усе гэтыя ідэі, інтэлектуальныя распрацоўкі разам з беларускай мовай павінны асацыявацца ў нашай публікі з ідыятызмам, блазенствам і псіхічным нездароўем. Прыдумана “з перчыкам”.
Яшчэ адзін прэтэндэнт на пацешнае апазыц-лідэрства – вядомы маладзён сп. Дашкевіч. Гэтага маладога чалавека на працягу гадоў паслужлівыя “дэмСМІ” падавалі і падаюць як геройскага Гаўроша і арганізатара нацыяналістычнай моладзі. Маладыя людзі прызнаюцца, што, пабыўшы побач зь ім, перажывалі нядобрыя ўражаньні і або зусім уцякалі з палітычнага жыцьця або шукалі праўды ў іншым месцы.
У рамках новага сцэнару “Гаўрош” павінен стацца рамантычным узорам для юнацтва і старэйшых. Ён узяўся дэкламаваць вершы з-пад класічных помнікаў і вадзіць за сабой па вуліцах купачку іншых прэтэндэнтаў у гаўрошы ды махаць нацыянальнымі сьцягамі. Кур’ёзна назіраць, як гэты балаганчык самаахвярна абслугоўвае “дэмжурналістыка”. Рэпарцёрка з “белрэдакцыі” РС, як курыца, бегла за сп. Дашкевічам і ягонай купачкай з мікрафонам ды ўсё надзьмувала і надзьмувала слабую падзею.
У той самы час “дэмжурналістыка” не заўважае сапраўдныя патрыятычныя мерапрыемствы, сапраўдных дзеячаў нацыянальнага супраціву і адэкватных носьбітаў беларушчыны. Журспэцы так і не паведамілі грамадзтву, напрыклад, пра вельмі яркае мерапрыемства – сьвяткаваньне патрыётамі 25 жніўня 25-х угодкаў аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, што адбылося ў сталіцы – сустрэчу з дэпутатамі Незалежнасьці, людзьмі гісторыі, якія здабывалі нашу Незалежнасьць.
Прычыны наступныя. Там не было блазнаў. Была беларуская, сьветлая атмасфэра. І галоўнае, што гэтае мерапрыемтсав арганізавала Народная партыя КХП-БНФ. Гэтак журспэцы робяць ужо даўно, служба іхняя вядомая.
Блазны і абслугоўваючы пэрсанал блазенства, мабыць, не здагадваюцца, што цяперашняя вадэвільная містэрыя-буф – гэта прысуд ім. Вечна камікаваць на фоне нацыянальнай трагедыі яны ня будуць.
І ніхто аб іх не пашкадуе. (Але нам усё ж крыху шкада, бо сп. Падгол – сапраўдны блазенскі талент. Зь ім можна было б здымаць цэлы тэлесэрыял…).
Сяргей Камароўскі