Рэжым фальсіфікуе, журспэцы хлусяць

10 верасня 2016 г.

Навіны

Па ўсёй краіне разгарнуўся першы акт электаральнага спэктаклю рэжысуры антыбеларускага рэжыму – “папярэдняе галасаваньне”. Прафэсіяналы ад журналістыкі (сапраўдныя дэмакратычныя журналісты) дзейнічалі б наступным чынам. Яны б пайшлі па выбарчых участках па ўсёй краіне, рабілі б відэа- , фота- і аўдыёзапісы таго, што адбываецца. Размаўлялі б людзьмі, назіральнікамі, фіксавалі б скандальныя і кур’ёзныя факты. Рабілі б першыя высновы.

Што ж бачым і чуем мы на хвалях “белрэдакцыі” Радыё Свабода? А там цэлая сэрыя рэпартажоў з апошняга футбольнага матчу ў Барысаве. Яно, канешне, добра, што там былі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і моладзь гукала патрыятычныя лёзунгі. Але дастаткова было б аднаго рэпартажу, а не запаўненьня стужкі навінаў цэлай сэрыяй з футбольнай арэны. Далей ідзе пра тое, што адбываецца ў Расеі, што ў Шатляндыі і г.д.

Ага, каля 10-й раніцы 7 верасьня ўрэшце зьявілася першае паведамленьне “белрэдакцыі” з тэрыторыі выбарчага фарсу. І вось жа які тытул дала рэдакцыя гэтаму паведамленьню – “Выбары-2016: датэрміновае галасаваньне ідзе больш інтэнсіўна, чым у 2012 годзе”. Вось як, аказваецца. Падаем паведамленьне цалкам, каб чытачы маглі ацаніць ступень хлусьлівасьці журспэцоў:

У першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 3,92% выбарнікаў.

Такія дадзеныя апублікавала ЦВК. Найбольш актыўна людзі галасавалі ў Віцебскай вобласьці — там яўка склала 5%. Найменш актыўна выбарнікі галасавалі на Берасьцейшчыне — 2,71%. Трэба адзначыць, што яўка ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах-2016 вышэйшая, чым на мінулых парлямэнцкіх: у 2012 годзе ў першы дзень прагаласавалі 3% выбарнікаў.

Між тым назіральнікі ад руху «За свабоду» ў межах кампаніі «Права выбару» заяўляюць, што выбарчыя камісіі завышаюць лічбы яўкі на датэрміновым галасаваньні. Паводле дадзеных назіральнікаў, на ўчастку № 637 108-й Каліноўскай акругі ў першы дзень прагаласавалі 500 чалавек, але камісіі сьцьвярджаюць, што прагаласавалі ўжо 928 чалавек.

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/27971741.html

Замест таго, каб самым здабыць адэкватную інфармацыю, РС будуе сваё караценькае паведамленьне на фальшывай пераможнай рэляцыі антыбеларускага рэжыму і выносіць гэта ў тытул матэр’яла. У якасьці мізэрнага дадатку да афіцыёза пададзена таксама надзьмутая статыстыка ад рэжымна-“апазыцыйнага” гібрыда пад назовам “За свабоду”, якая, фактычна, ратуе рэжым “апазыцыйнай” хлусьнёй пра колькасьць прагаласаваўшых. На самой справе ў першы дзень “папярэдняга галасаваньня” адбыўся поўны правал фарсу на ўсіх напрамках. Людзі ідуць на ўчасткі па 1-2 асобы ў гадзіну. Гэта ёсьць статыстыка правалу. Не выпадкова каля 11.00 7 верасьня рэжым абвясьціў трывогу па сваіх структурах (такія паведамленьні паступаюць з выбарчых участкаў сталіцы). Старшыні выбарчых камісій тэрмінова выкліканы ў райвыканкамы. Яны літаральна бягом панесьліся да сваіх аўтамабіляў і паляцелі “на дыван” да начальства. Гэта ёсьць дадатковае сьведчаньне правалу рэжымнага шоў. Але пачакайце, яны вам яшчэ напішуць лічбу прагаласаваных. Усё згніло.

Сяргей Камароўскі