Прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан назваў іміграцыю “атрутай”, а ўсіх уцекачоў – рызыкай для бясьпекі. “Вугоршчыне ня трэба ніводнага мігранта, каб функцыянавала эканоміка”, — заявіў ён у аўторак на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з фэдэральным канцлерам Аўстрыі Хрысьціянам Кэрнам. Таму гэтай краіне не патрэбна сумесная іміграцыйная палітыка Эўропы. “Каму патрэбныя мігранты, той можа іх прымаць. Але не навязвайце іх нам, яны нам не патрэбныя”, — падкрэсьліў В. Орбан, цытаваны агенцыяй AFP.
“Кожны мігрант стварае пагрозу агульнай бясьпецы і рызыку тэрарызма”, сказаў палітык, які ў пытаньні ўцекачоў ужо займае жорсткую лінію. Асабліва ён супраціўляецца разьмеркаваньню тых, хто просіць прытулку, у краінах Эўразьвязу паводле абавязкавых квот. “Для нас міграцыя – не рашэньне, а праблема. (…) Не ежа, а атрута, мы яе ня хочам і есьці ня будзем”, — заявіў правы папуліст.
Летась 400000 уцекачоў з Сірыі, Іраку і іншых ахопленых грамадзянскай вайной краін уварваліся ў Вугошчыну, шукаючы лепшага жыцьця. Калі ўрад закрыў паўднёвую мяжу загароджай з калючага дроту, іх колькасьць хутка ўпала.
У 2015-м у Вугоршчыне прасілі прытулку 199000 асобаў, а задаволены былі толькі 264 просьбы. Калі быў зачынены Балканскі маршрут, уцекачы практычна перасталі прыбываць.
Respublika.lt, Eltos.inf Пераклаў з летувіскай В. Буйвал. Крыніца: летувіская газэта “Respublika”, 27.07.2016. http://www.respublika.lt/lt/naujienos/pasaulis/pasaulio_politika/vengrijos_premjeras_imigracija_vadina_nuodais/