Наркадзяржава Чавэса-Мадуры

5 верасня 2016 г.

Навіны

Палітычны і эканамічны крызіс у Вэнэсуэле выклікае ўцёкі сьведкаў, якія ў сваю чаргу падмацоўваюць сьледчыя дзеяньні, што вядуцца ў Злучаных Штатах.

Справы па наркатрафіку, заведзеныя супраць прыкметных дзеячаў чавізма, пачынаюць множыцца ў Злучаных Штатах, краіне, якая будучы мэтай вялікай часткі наркотыкаў, адмыслова змагаецца супраць міжнароднага гандлю наркотыкамі. “Гэта толькі пытаньне часу”, — заявіла асоба, якая супрацоўнічае з DEA ( антынаркатычная агенцыя ЗША) ў справе забесьпячэньня сьведкамі, што дапамагаюць у сьледчых дзеяньнях і даюць паказаньні ў фэдэральных судах ЗША.

Развал рэжыму, прысьпешаны эканамічным крызісам і агульнай галечай, выклікае рост колькасьці ўцёкаў тых, хто быў пасярэднікам. Яны даюць інфармацыю ў замен на ўласнае выратаваньне. “Гэта ратуйся, хто можа. Урэшце высьвятляецца тое, што шмат гадоў таму было заснавана Уга Чавэсам як наркадзяржава”, — дадае крыніца.

Як можна кваліфікаваць краіну, дырэктар і нам. дырэктара Нацыянальнай Антынаркатычнай Агенцыі (ONA) якой – генэралы Нэстар Рэвэрол і Эдзілбэрта Маліна – былі фармальна абвінавачаны ў наркатрафіку, што яны дазвалялі правоз грузаў праз тэрыторыю краіны, пра што паведаміла на гэтым тыдні адна з падаткавых кантор у Нью Ёрку? Краіна, дырэктар ваеннай выведкі і цывільнага шпіянажу якой – генэралы Уга Карвахал і Гэнры Рангэль – атрымлівалі заданьні па выезду за мяжу, каб дапамагаць FARC (марксістоўская партызанская армія Калумбіі) дастаўляць наркотыкі на рынак.

Што сказаць, калі гэтыя самыя кіраўнікі потым былі прызначаны кіраваць Міністэрствам Абароны і Міністэрствам Унутраных Спраў і Юстыцыі, альбо на пасады губэрнатараў правінцый? Альбо калі яны маглі ўсталяваць кантакты, блізкія да прэзыдэнцкай сям’і, каб атрымаць вялікі груз какаіна і гандляваць ім, пра што прызналіся два пляменьнікі Нікаласа Мадуры, якія чакаюць суда на Манхэтэне? Вэнэсуэльскі ўрад адказвае на гэта нападкамі, не распачынае сьледства ў адносінах да раскрытых, шчыльна трымаючыся разам з абвінавачанымі, а тыя, застаючыся на тэрыторыі краіны, пазьбягаюць перасьледу паводле міжнародных ордэраў на арышт.

І гэта, хаця і ўсё больш выразнае, зьяўляецца толькі вяршыняй айсбэрга, — справы, якія дагэтуль агучаны пасьля правядзеньня шэрагу фэдэральных судоў Злучаных Штатаў і Міністэрства фінансаў гэтай краіны. Застаюцца “закрытыя” абвінавачваньні, якія не агалошваюцца, каб была магчымасьць дабрацца да абвінавачаных.

Тыя ж крыніцы, што ўжо ў студзені адкрылі для “АВС”, што начальнік Нацыянальнай Гвардыі генэрал Рэвэрол быў таемна абвінавачаны, паказваюць, што акрамя яго і Маліны, ёсьць яшчэ паўтузіна высокапастаўленых чыноўнікаў Нацыянальнай Гвардыі з таемным “абвінавачваньнем”, падрыхтаваным той жа Падаткавай службай Усходняй Акругі Нью Ёрка.

Сьледства было праведзена Ларэтай Лінч, якая ўзначальвала гэтую Падаткавую, а потым была прызначана Абамай кіраўніком Падаткавай службы ЗША. Абвінавачваньні, высунутыя ейнай камандай, паказваюць, што калі Рэвэрол і Маліна кіравалі ONA ў 2008-2010 гг., “яны атрымалі выплаты ад наркагандляроў за тое, што вялі іх падчас разьмяркаваньня какаіна для яго ўвозу ў ЗША”. Такім чынам яны “папярэджвалі гандляроў пра маючыя адбыцца праверкі або пра месцы, дзе вэнэсуэльскія служачыя антынаркатычнай службы меліся праводзіць мерапрыемствы, і так яны давалі магчымасьць наркагандлярам зьмяніць месца захаваньня наркотыкаў або зьмяніць маршруты перавозкі наркотыкаў”.

У сваім паведамленьні Падаткавая служба Брукліна нагадвае, што ўжо тры гады таму яна выставіла абвінавачваньні іншым тром афіцэрам Нацыянальнай Гвардыі ніжэйшых чыноў – Васілю Вільярруэлу і Рафаэлю Вільясану за тое, што яны выкарыстоўвалі афіцыйныя машыны для перавозкі больш за сямі тон какаіна ад мяжы з Калумбіяй ў розныя аэрапорты і порты Вэнэсуэлы.

Какаін FARC

Многія іншыя сьледчыя дзеяньні вядуцца цяпер і могуць завяршыцца фармальным прад’яўленьнем абвінавачваньняў. Як падрабязна раскрываецца гэта ў кнізе “Бумэранг Чавэс”, ёсьць сьведкі, якія запэўніваюць, што прысутнічалі пры тым, як сам Уга Чавэс вызначаў стратэгію дапамогі FARC, купляючы ў яе наркотыкі і пастаўляючы іх на рынак праз Вэнэсуэлу. Гэтым шляхам праходзіла 90% прадукцыі калумбійскага какаіну. Гэтыя сьведкі называюць Дзіасдада Кабэлья – нумара №2 чавізма – галоўным начальнікам ўсёй гэтай калядзяржаўнай сеткі, вядомай як Cartel de los Soles (Картэль Сонцаў). У сетцы таксама вельмі актыўна ўдзельнічалі ягоны брат Давід Кабэлья, які быў дырэктарам Адміністрацыі Мытні і Падаткаў, і Тарэк эль Аісамі, экс-міністр МУС і Юстыцыі, цяперашні губэрнатар Арагуі, якога сьледчыя называюць галоўным сувязным з сеткай наркатрафіка Хэзбалы. Ва ўсёй гэтай стурктуры эмісія бонаў дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA і іншыя апэрацыі кампаніі дазвалялі адмываць грошы ў вялікіх колькасьцях.

На ўсе гэтыя абвінавачваньні вэнэсуэльскі Урад адказвае пагрозамі тым, хто іх выказвае. “Я выказваю маю салідарнасьць з афіцэрам і ягонай сям’ёй, якія падзьвергліся нападкам з боку ЗША”, — сказаў Мадура, калі даведаўся пра абвінавачваньні на адрас генэрала Рэвэрола. Прэзыдэнт у адказ прызначыў генэрала міністрам МУС і Юстыцыі. Адкрыць рассьледваньне было б нармальнай рэакцыяй ў такім выпадку ў многіх краінах, але ў Вэнэсуэле нормай ёсьць тое, што Урад яшчэ больш узмацняе сваю падтрымку і падвышае рангам кожнага члена блізкага кола чавістаў, якому выстаўлены абвінавачваньні ў тым, што ён быў замешаны ў гандаль наркотыкамі.

Яшчэ Чавэс прызначыў міністрам абароны ў 2012 г. генэрала Гэнры Рангэля, якога Міністэрства Фінансаў ЗША незадоўга да гэтага абвінаваціла ў тым, што ён вядзе FARC у яе дзейнасьці па наркатрафіку. Сам Мадура прыняў як героя ўвосені 2014 генэрала Карвахала пасьля таго як дамогся, каб Аруба адмовіў ЗША ў ягонай экстрадыцыі ў гэтую краіну, якая патрабавала выдачы, абвінавачваючы яго ў каардынаваньні перавозкі 5,6 тон какаіна. Акрамя таго, Мадура не пагадзіўся прызнаць, што ягоныя пляменьнікі, арыштаваныя ў Нью Ёрку, вінаватыя, хаця яны прызналіся яшчэ да арышту.

Эмілі Х. Бласка

Пераклаў з іспанскай В. Буйвал. Крыніца: іспанская газэта “АВС”, 7.08.2016 http://www.abc.es/internacional/abci-desmoronamiento-regimen-destapa-narcoestado-chavista-201608070104_noticia.html