Грамадзтва стамілася ад фальшу

17 жніўня 2016 г.

Навіны

(Жнівеньскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

14 жніўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Незалежнасьць”. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца зьвярнуў увагу на эскалацыю канфлікту, на якую пайшла Масква ў сваіх агрэсіўных дзеяньнях супраць Украіны. Масква не пакідае свае планы захопу ўсяе Украіны і акупацыі Украінскай дзяржавы. Факты сьведчаць аб тым, што правакацыі ў Крыме арганізаваны самымі расейскімі сіламі. Усё гэта зьяўляецца часткай стратэгіі Масквы, якую Крэмль і Лубянка рыхтавалі і разгортваюць з 1991 года, з моманту падзеньня СССР. Сутнасьць іхняй стратэгіі заключаецца ў разгортваньні “кіруемага канфлікту”. Гэтая стратэгія ўжываецца Масквой ня толькі ў межах былога СССР, але і ў розных частках сьвету, у тым ліку на Захадзе. На працягу 1990-х і пачатку 2000-х гадоў Масква пакарысталася высокімі коштамі на нафту не для разьвіцьця расейскай прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, не для сацыяльнага прагрэсу ў расейскім грамадзтве. Каласальныя сумы раскрадаліся намэнклатурай, накіроўваліся ў заходнія банкі і выкарыстоўваліся для падрыхтоўкі агрэсіі і вайны. Нягледзячы на тое, што і на Захадзе, і ў постсавецкіх краінах, і ў самой Расеі цьвярозыя людзі папярэджвалі аб небясьпецы ўзмацненьня расейскай агрэсіі, палітычныя колы дэмакратычнага сьвету не хацелі слухаць гэтыя аргуманты і працягвалі паўтараць заклінаньне пра “рускую дэмакратыю”.

Яно ня дзіўна, многія з заходніх палітыкаў патрапілі ў фінансавую залежнасьць ад Масквы і не зьяўляюцца ўжо самастойнымі ў сваіх заявах і дзеяньнях. Україна і Беларусь цяпер зьяўляюцца першымі і галоўнымі аб’ектамі новага этапу маскоўскай экспансіі. Пасьля таго, як украінскі народ ліквідаваў прарасейскую групоўку ў кіраўніцтве краіны, Масква распачала вайну супраць Украіны. У Беларусі Масква захоўвае свой марыянэткавы васальны рэжым і зьдзяйсьняе паўзучы захоп нашай краіны мэтадамі так званай унутранай акупацыі. Цяпер Масква любым коштам хоча дамагчыся легітымізацыі рэжыма Лукашэнкі, ягоных дзяржаўных інстытуцый і ягоных выбарчых фарсаў. Не дапусьціць гэтага – галоўная задача беларускіх патрыётаў, усяго нашага грамадзтва. Змаганьне за незалежнасьць Беларусі працягваецца. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Паўсюль людзі не зьвяртаюць увагі на чарговы выбарчы фарс, не падыходзяць да пікетаў “прэтэндэнтаў”, гоняць іхнія ініцыятыўныя групы з сваіх дамоў альбо проста не адчыняюць ім дзьверы, у рэзкай форме тлумачачы нежаданьне бачыць на парозе чужых і фальшывых асобаў. Ніхто нават не абмяркоўвае “выбарчы працэс”, “кандыдатаў” і падобнае. Многія сьмяюцца і кажуць, што ўжо вядома, хто зь іхняга горада і раёна будзе “у палатцы”. Выбарчыя камісіі запаўняюцца тымі ж людзьмі, што сядзелі ў іх на працягу 15-20 папярэдніх гадоў. Наша грамадзтва стамілася ад фальшу і ня хоча нічога чуць пра фарс. Але і рэжым у цэнтры і на месцах ня надта прыкладае намаганьні, каб выклікаць грамадзкую актыўнасьць. Падобна, што рэжым разьлічвае на нейкае іншае рашэньне і выйсьце з сытуацыі нелегітымнасьці. Грамадзяне размаўляюць з жаўнерамі і афіцэрамі і пытаюцца, ці будуць яны ваяваць супраць Украіны. Вайскоўцы адказваюць, што камандваньне тлумачыць ім: “беларуская армія будзе трымаць нэўтралітэт”. Вопытныя людзі, аднак, разумеюць, што гэта ёсьць звычайная камісарская ўлоўка. Русіфікацыя ў Беларускай арміі, напампоўваньне нашай краіны расейскімі вайскоўцамі і падпарадкаваньне Беларускай арміі расейскім генэралам і Маскве – усё гэта робіцца не для “нэўтралітэту”. Небясьпека ўцягваньня беларусаў у вайну на баку Масквы застаецца актуальнай.

Сойм абмеркаваў і прыняў Заяву “Будаўніцтва Астравецкай АЭС мусіць быць спынена!” (публікуецца).

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 14 жніўня 2016 г.