Афіцыйны дасьледчы цэнтр Эўрапейскай народнай партыі, названы імем экс-прэм’ера Бэльгіі Вілфрэда Мартэнса і які ўзначальвае зараз экс-прэм’ер Славакіі Мікулаш Дзурында, апублікаваў даклад пад красамоўнай назвай “Мядзьведзь у авечай скуры”.
Гэты даклад прысьвечаны разбуральнай дзейнасьці расейскіх прапагандысцкіх цэнтраў і рэсурсаў. Ягоныя аўтары прыходзяць да відавочнай высновы – Крэмль разгарнуў сур’ёзную працу, накіраваную на супрацьдзеяньне эўрапейскаму праекту як такому. Ягоныя СМІ , што працуюць на мовах краін-членаў Эўразьвязу, ягоныя дыскусійныя цэнтры, зьвязаныя з Масквой няўрадавыя арганізацыі – усё гэта працуе на тое, каб даказаць, што Эўропа “не атрымалася”, сее разлад, смуту і сумневы, падаграе скептыцызм сярод рускамоўных эўрапейцаў – асабліва ў краінах Балтыі.
Па сутнасьці, Крэмль стварыў тое, у існаваньні чаго заўсёды абвінавачваў Захад – самую сапраўдную сетку ўплыву. Але толькі калі расейскія няўрадавыя арганізацыі, якія атрымліваюць дапамогу з заходніх фондаў, сапраўды займаюцца абаронай правоў чалавека, толькі калі СМІ, якім аказваюць падтрымку, сапраўды пішуць праўду і аказваюцца альтэрнатывай ілжывай прапагандысцкай машыне Крамля, то ў расейскім выпадку ўсё роўна наадварот.
Мы маем справу з самымі звычайнымі асяродкамі дэстабілізацыі – нават калі людзі, што працуюць там, выглядаюць “па-заходняму”, размаўляюць на замежных мовах альбо проста зьяўляюцца эўрапейцамі – купленымі мярзотнікамі альбо “карыснымі ідыётамі”, недахопу якіх на Захадзе Крэмль ніколі ня меў. Уласна, з такой прапагандысцкай сеткай і з такімі арганізацыямі Масква экспэрымэнтавала – і працягвае гэта рабіць – ва Украіне. Гэта менавіта тое, што прывяло да раскладаньня грамадзянскай супольнасьці, падрыву дзяржаўных асноваў і ўрэшце да вайны.
Аўтары даклада Цэнтра Мартэнса ўпэўнены, што расейскай прапагандзе і таму інстытуцыйнаму ўплыву, які Крэмль хацеў аказваць на Эўразьвяз, неабходна супрацьдзейнічаць. І гэта ёсьць здаровая ацэнка сытуацыі, якая ўключае ў сябе цэлы комплекс захадаў, уключна з супрацьдзеяньнем прарасейскім арганізацыям і распаўсюджваньню аб’ектыўнай інфармацыі на расейскай мове. Але высновы Цэнтра Мартэнса – ня першы такі аналіз і ня першая спроба выпрацаваць комплекс супрацьдзеяньня антыэўрапейскай прапагандзе. І ня выключана, што гэты даклад патоне ў бюракратычнай дрыгве, як і ўсе папярэднія.
Уласна, гэта якраз тое, за што расейскія прапагандысты крытыкуюць Эўразьвяз – за няўклюднасьць і няўменьне адстойваць свае агульныя інтарэсы. Аўтарытарнай дзяржаве куды прасьцей наладзіць прапагандысцка-дывэрсійную махіну і забясьпечыць яе шчодрае фінансаваньне, чым хаўрусу дэмакратычных краін – супрацьстаяць гэтаму.
Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://glavred.info/avtorskie_kolonki/medved-v-ovechey-shkure-evropeycy-zadumyvayutsya-o-rossiyskoy-propagande-378985.html