Этап дэкамунізацыі і дэрусіфікацыі Украіны

1 жніўня 2016 г.

Навіны

Пазафракцыйны народны дэпутат, свабодавец Андрэй Ільенка пракамэнтаваў выданьню “ГОРДОН” перайменаваньне Маскоўскага праспэкту ў Кіеве ў праспэкт Стэпана Бандэры:

Лічу перайменаваньне абсалютна слушным рашэньнем. Даўно пара пазбавіцца ад гістарычнай шызафрэніі і ўшаноўваць людзей, якія змагаліся за існаваньне Украіны. Прычым на дзяржаўным узроўні. Стэпан Бандэра аддаў сваё жыцьцё за незалежнасьць краіны, і мы яе сёньня маем. Альбо, можа, мы павінны ўшаноўваць дзеячаў маскоўскага акупацыйнага рэжыму, які забіваў украінцаў і насаджаў тут замежны таталітарызм?

Україна становіцца па-сапраўднаму незалежнай дзяржавай. Некаторыя кажуць, што перайменаваньне вуліц несваечасовае. Дык яно 25 гадоў было несваечасовым. Увесь гэты час нам распавядалі, што ня трэба будаваць Украіну, што ў нас тут павінна быць “Маларосія”, што мы не павінны ўшаноўваць нашых герояў і нам увесь час варта азірацца і глядзець, хто што скажа.

Я нават не разумею, у чым тут сутнасьць незадаволенасьці. Калі камусьці не падабаецца Бандэра, які змагаўся за незалежнасьць Украны, значыць, гэтаму чалавеку не падабаецца і сама краіна. Калі нехта лічыць яго “нацыстоўскім злачынцам”, то раю вывучыць гісторыю. Бандэра сядзеў у нацыстоўскім канцлягеры падчас Другой сусьветнай вайны, а два ягоныя родныя браты былі забіты ў зьняволеньні ў лягярох нацыстаў. Гэта ёсьць працяг савецкай міфалогіі, якая абвяшчае нацыстам кожнага ўкраінца, які жадаў незалежнасьці сваёй краіны.

Дэкамунізацыю Украіне трэба было пачынаць адразу пасьля набыцьця незалежнасьці. Магчыма, тады ў нас сёньня была б зусім іншая сытуацыя на Данбасе. Там больш за 20 гадоў пры незалежнасьці распаўсюджваліся антыўкраінскія міфы. Па сутнасьці, гэта запаведнік “махровага саўка”. У выніку мы маем там вайну. Этап нявызначанасьці трэба завяршаць. У нас павінна быць дыскусія ўнутры краіны, але ёсьць рэчы фундамэнтальныя. Хто змагаўся за незалежную Украіну – герой, хто выступаў супраць – ня можа ўшаноўвацца ў нашай краіне.

Апошнія два з паловай гады адбываецца працэс пабудовы паўнавартаснай незалежнасьці краіны. Не “Маларосіі”, не нейкай постсавецкай краіны, а Украіны. Мы разумеем, хто мы і адкуль. Пазнаем нашу гісторыю, а не навязаныя нам акупантамі выдумкі. Зразумела, калі нам стагоддзяміі навязвалі выдуманую гісторыю, гэта мае свае наступствы.

Пераклад з расейскай. Крыніца: http://gordonua.com/news/society/nardep-ilenko-o-prospekte-bandery-v-kieve-davno-pora-izbavitsya-ot-istoricheskoy-shizofrenii-i-pochtit-lyudey-borovshihsya-za-sushchestvovanie-ukrainy-139930.html