Яно пасыпалася, як з меха… “Арт Сядзіба прапануе БРСМ дапамогу ў арганізацыі “Дня вышыванкі”, “Супрацоўнікам «Беларусбанку» прапануюць адзначыць дзень дэнамінацыі ў вышыванках” – гэта тытулы рэкламных публікацый (без якой-кольвечы спробы на аналітыку) ў “белрэдакцыі” Радыё Свабода. “ДэмСМІ” паведамілі таксама, што адзін энтузіяст з Віцебска (што праўда, без вышыванкі) едзе начале пілігрымаў у Будслаў на ровары і пад сьцягам, на якім дамінуе выява пахавальнага арнамэнту з “флага БССР-РБ”. Фотамайстры зрабілі нават рэпартаж аб тым, як стужкі з гэтым пахавальным арнамэнтам навязваюць на рукі малагадовым пілігрымам.
Ня могучы спыніць распаўсюджваньне прыгожай моды сярод моладзі і старэйшых, рэжым (безумоўна, па камандзе з Масквы) бярэ гэты працэс пад свой кантроль – і “возглавляет”.
Найбольш прафанацыйным у гэтай падступнай кампаніі ёсьць “банкаўскі элемэнт”. “Дзень дэнамінацыі” (які па прагнозах сапраўдных спэцыялістаў ад фінансаў і эканомікі мае завяршыцца усеагульным і рэзкім зьбядненьнем мільёнаў людзей) павінен запомніцца жыхарам Беларусі “днём у беларускіх вышыванках”. Гэта нешта з навукова-дасьледчага рэпэртуара акадэміка Паўлава зь ягонай лямпачкай і падвопытнымі істотамі. Прафанатары адпрацоўваюць умоўны рэфлекс – маўляў, дзе нешта выразна беларускае, там чакай бяды.
З такім жа зьдзекам эсэсаўцы загадвалі габрэйскаму насельніцтву нашываць на вопратку шасьціканцовую “зорку Давіда”. Ненавісьнікі рагаталі і куражыліся, мяркуючы, што ў іх атрымалася “вясёлая прафанацыя” нацыянальнай і рэлігійнай сымволікі….
Арлен Круглік