“Svintus” у горадзе

15 ліпеня 2016 г.

Навіны

26 чэрвеня Радыё Свабода апублікавала матар’ял пад тытулам “Павел Вінаградаў паказаў судзьдзі сярэдні палец і вывесіў бел-чырвона-белыя сьцягі” і суправадзіла фота і відэа тэкстам. Цытуем:

“Актывісты грамадзянскай кампаніі «Zмена» вывесілі на прыпынках грамадзкага транспарту ў Менску нацыянальныя сьцягі і плякаты з партрэтам свайго лідэра Паўла Вінаградава, піша Белсат.

“Мэта акцыі — перадаць прывет грамадзянам, якія ўсталявалі за мной нагляд на 6 месяцаў”, — кажа Вінаградаў у размове з нашым карэспандэнтам”.

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/27821620.html

Тытульнае фота дэманструе нам аптымістычна-вясёлую ўсьмешку маладога вулічнага героя. “БелрэдРС” атрымала, відаць, заданьне настроіць сваіх чытачоў-гледачоў на “сімпатычны лад”. У іх на РС прасочваецца ўжо цэлая “фотагалерэя” пра адназначна непрывабных тыпаў (кшталту лукашыста тав. Макея), якія злоўлены фатографам у момант усьмешачкі, хоць да раны прыкладай. Але ж штодзённую фізіяномію нікуды ня дзенеш…

Вось і тут абмежаваліся б фотакамплімэнтам! Але не – тут паставілі яшчэ “гераічнае” відэа пра тое, што людзі даўно ўжо называюць — Сьвінтус Грандыёзус. Усё і раскрылася. «Сьвінтус» куражыцца на прыпынку грамадзкага транспарту. Ягоныя паплечнікі побач з сьвінтусаўскім плакатам лепяць на будку прыпынка Бел-Чырвона-Белыя сьцягі. Па павадках і аксэсуарах тыпажы выглядаюць, як вулічная шпана. Потым плакат ажывае і пэрсанаж жэстукулюе ды робіць маналог на акупанцкай мове.

Нешматлікія грамадзяне грэбліва адварочваюцца і бачком адыходзяць ад шпаны. На гэта ўвесь мярзотны пэрформанс і быў, відаць, разьлічаны яго сапраўднымі сцэнарыстамі. Сьвяты Сьцяг у руках падазронай на выгляд шантрапы, пасярод абсурднай дзеі на фоне нармальнага жыцьця – такою павінна застацца ў сьвядомасьці грамадзтва “беларуская акцыя”. Што называецца, эфэкт асацыятыўнага мысьленьня.

Брыдкі сцэнар «легалізавалі» дэмСМІ, падхапіла РС і іншыя “дэмрэдакцыі”. Мы думалі, што “галоўны галадоўшчык краіны”, фізіяномія якога ня ўлазіць ні ў якія фотарамкі, ужо даўно спаліўся на дзяжурнай службе. А ён вяртаецца зноў ды яшчэ як спэцэфэктна!

Беларусы заўважылі, што апошнім часам “дэмрэдакцыі” робяць усё “весело и задорно” на самыя нясьмешныя тэмы. Курапацкая сьвятыня ў іх – “хіпова”. А пасьля дзікага па сваёй антыбеларускай абсурднасьці “народнага сходу” замест глыбокай аналітыкі (на якую яны ўжо даўно ня здольныя), “дэмСМІ” пачалі тыражаваць голых дзевак і дзецюкоў, якія нібыта ілюструюць сабой выказваньне начальніка рэжыму. Цяпер, разам з непрывабнай публікайй яны закруцілі ў адну кампазыцыю выяву нашага сьвятога Сьцяга.

Таемная душа наёмнай “дэмжурналістыкі” ў краіне, – як расейскі крызіс. Здаецца вось ужо дасягнута дно і далей няма куды падаць. Ажно потым яна незвычайным чынам зноў ускаламучваецца і выдае чарговы “пэрл”. Падобна, што яны зьбіраюцца гэтым займацца бясконца. Але бясконца не атрымаецца.

Сяргей Камароўскі