- Ліпеньскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”*
10 ліпеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Ліпеньскі агляд”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўцы зазначылі, што ад пачатку “дэнамінацыі” грамадзяне пачалі больш актыўна скупаць замежную валюту ў банках. Людзі ня маюць даверу да зьнешне эфэктнай банкаўска-фінансавай кампаніі і ня вераць у яе посьпех. Многія пытаюцца: чым гэта ўсё скончыцца і калі? Беларусы бачаць, як гібее разваленая палітыкай рэжыму нацыянальная эканоміка. Многія сем’і ледзь зводзяць канцы з канцамі, каб пракарміць сябе і дзяцей. Грамадзтва ўжо ня верыць у абяцанкі і праекты рэжыму. У той жа час пэўная частка грамадзтва знаходзіцца пад уплывам расейскай гібрыднай вайны ў інфармацыйнай прасторы. Можна пачуць галасы, што “замест Лукашэнкі трэба нам Пуціна”. Безальтэрнатыўная расейская прапаганда, аднак, узьдзейнічае далёка не на ўсіх.
Людзі таксама заўважылі павышаную ваенную актыўнасьць Расеі на нашай тэрыторыі. Гэта непакоіць беларусаў, якія апасаюцца, што Масква можа разгарнуць паўнамаштабную вайну супраць Украіны і НАТО менавіта з нашай зямлі. Беларусам гэта ня трэба. Наша грамадзтва, практычна, не зьвяртае ўвагі на “перадвыбарчую кампанію”, якая разгорнута сумеснымі намаганьнямі рэжыму і рэжымнай псэўдаапазыцыі ў гарадах і мястэчках. Людзі ідуць па сваіх справах і нават не глядзяць у бок фальшывых “ініцыятыўных груп”, што стаяць у людных месцах. Падобна, што электаральным махінатарам цяжка будзе сёлета зрабіць “карцінку” масавага галасаваньня. Людзі разабраліся, што ўдзел у бессэнсоўным рытуале “выбараў” на карысьць рэжыму, а не ім. Задача патрыётаў заключаецца ў тым, каб данесьці праўдзівую інфармацыю ва ўсе куткі нашай краіны, каб не дазволіць Маскве і рэжыму надурыць наш народ.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў Беларусі. На правінцыі вызначаецца небясьпечная тэндэнцыя. Моладзь, бачачы эканамічны правал на радзіме, кідае навучальныя ўстановы і групамі ад’язджае на заробкі ў Расею. Маладыя так і кажуць: тут няма ніякай пэрспэктывы, паедзем зарабляць грошы. У сувязі з крызісам у РФ заробкі гастарбайтэраў упалі ў два разы. У многіх месцах зусім ня плоцяць. Расейскія бандыты забіваюць нашых людзей. Але, ня бачучы выйсьця, беларусы ўсяроўна кіруюцца ў імпэрыю зла.
Безумоўна, гэты працэс так і задуманы акупанцкім рэжымам: зрабіць жыцьцё ў Беларусі для беларусаў невыносным, прымусіць нас пакідаць Айчыну. Акупанцкая стратэгія разгрому Беларусі выяўляецца таксама і ў сельскай гаспадарцы. Адміністрацыя пачала актыўна ліквідоўваць фэрмэрскія гаспадаркі. Прадукцыю нашых фэрмэраў не купляюць, альбо ставяць нізкія цэны, меншыя за сабекошт прадукцыі. Калі раней раздавалі фэрмэрам пустуючыя калгасныя землі, то зараз на любой падставе іх забіраюць. У Расеі створана цэлая сетка падстаўных закупачных фірм. Нашы прадпрыемствы пастаўляюць ім вялікія колькасьці прамысловы тавараў і прадуктаў харчаваньня, а фірмы зьнікаюць. Вялізныя сумы, не атрыманыя ў выніку такога “гандлю”, адміністрацыя вешае на бюджэт. Беларусы церпяць каласальныя страты. Пры гэтым рэжымныя і псэўдаапазыцыйныя дэмагогі працягваюць расказваць сваю фальшывую байку аб тым, што “Расея корміць Беларусь”.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд. Асаблівая ўвага зьвернута на падрыхтоўку фронтаўцаў да ўдзелу ў назіраньні за галасаваньнем на “выбарах”. Трэба абавязкава зафіксаваць факты парушэньняў і злачынстваў, каб патрыёты маглі прадэманстраваць фальшывую сутнасьць выбарчага спэктаклю.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 10 ліпеня 2016 г.