22 чэрвеня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ прыйшлі на Усходнія могілкі сталіцы да магілы вялікага беларускага пісьменьніка Васіля Уладзіміравіча Быкава (1924 – 22.06.2003). Яны ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, усклалі да надмагільнага помніка кветкі.
Перад грамадой выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”, сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, нам. старшыні Партыі і Фронту. Выступоўцы ўшанавалі памяць беларускага генія. Васіль Быкаў быў сябрам Народнага Фронта. Ён актыўна ўдзельнічаў у палітычным змаганьні, выступаў і рабіў прапановы падчас абмеркаваньняў. Ягоны чалавечы, творчы, нацыянальны аўтарытэт мелі велізарнае значэньне для нашай Рэвалюцыі. Многія беларусы пайшлі працаваць на беларускую ніву менавіта таму, што з адраджэнцамі быў Быкаў. Нягледзячы на ўсе спробы цёмных сілаў чужынскай акупацыі Васіль Быкаў стаіць, як скала. Ягоная творчасьць, ягонае жыцьцё натхняюць новыя пакаленьні беларусаў і служаць усяму чалавецтву. Ворагі баяцца ягонага Слова, народнай памяці аб ім.
Радыё Свабода нядаўна замяніла на сваім сайце партрэт Быкава партрэтам “русской писательницы” Алексіевіч і разгарнула штучную кампанію па вызначэньню гэтай постаці ў якасьці “сумленьня нашага народа”. А Алексіевіч, спрабуючы прынізіць нас, назвала беларусаў “вясковай нацыяй”. Прынізіць не атрымалася, бо сапраўды і Быкаў і амаль усе іншыя лепшыя творцы нашага народу народжаны ў сем’ях простых работнікаў і “несталічнай” інтэлігенцыі, блізкія да зямлі, да народнай мовы, да традыцыі. Менавіта таму нашая сапраўдная творчая эліта захавала і разьвіла беларускую мову, дасягнула вяршыняў у творчасьці і жыла з любоўю і павагай да свайго народа.
Людзі засьпявалі наш нацыянальны гімн “Магутны Божа”. Гучаў покліч “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ