Вучэньні НАТО ў Польшчы прадэманстравалі падрыхтаванасьць ваяроў

26 чэрвеня 2016 г.

Навіны

У вучэньнях, якія распачаліся 7 чэрвеня, ўзялі ўдзел прыкладна 31 000 ваяроў краін НАТО і Фінляндыі, Македоніі, Швэцыі і Украіны.

“Гэтыя вучэньні паказалі, што мы жывем у бясьпецы, — заявіў міністар абароны Польшчы Мацерэвіч, краіна якога арганізавала манеўры напярэдадні саміта НАТО, што адбудзецца ў будучым месяцы ў Варшаве. Ён дадаў, што Польшча такім чынам сваечасова спрычынілася да справы, калі сьвету ёсьць “пагроза з Усходу”. Расея доўгі час крытыкуе якую-кольвечы прысутнасьць войскаў НАТО каля сваёй мяжы і штораз пагражае, што прадпрыме крокі ў адказ.

На вучэньнях “Анаконда-16” у Польшчы ўзялі ўдзел 3000 машын, уключна з танкамі “Леапард 2А4”, 105 самалётаў і 12 суднаў. За бясьпекай падчас перасоўваньня ваеннай тэхнікі сачылі зьмяшаныя патрулі паліцыі з Чэхіі, Польшчы, Харватыі, Славеніі і ЗША.

“Для вайсковых паліцыянтаў гэта ёсьць выключная магчымасьць, каб рэальна адпрацаваць паліцэйскую падтрымку на такіх вялікіх вучэньнях”, — ацаніў удзел чэшскага аддзелу з 29 членаў яго камандзёр маёр Лукаш Стэйскал.

“Польшча зьяўляецца дасканалай прасторай для вучэньняў, а “Анаконда” дае магчымасьць праверыць падрыхтоўку польскай арміі”, — заявіў камандуючы вучэньнямі польскі генэрал-паручык Марэк Тамашыцкі.

Вучэньні “Анаконда” праводзяцца ў Польшчы кожны цотны год на працягу ўжо дзесяці гадоў. Да гэтай пары ў іх ўзялі ўдзел у цэлым 50000 вайскоўцаў. Сёлетнія вучэньні з 31000 вайскоўцаў былі найвялікшымі. Акрамя 14000 амэрыканскіх вайскоўцаў і 12000 польскіх, былі прадстаўлены таксама вайскоўцы з іншых 17 краін-членаў НАТО і некалькіх партнёрскіх дзяржаў НАТО (Фінляндыі, Македоніі, Швэцыі і Украіны).

Практычная частка вучэньняў распачалася ў мінулы аўторак скокам 1200 дэсантнікаў з Польшчы, ЗША і Брытаніі каля горада Торуня ў цэнтральнай Польшчы. Каля паселішча Хэлмна вайскоўцы адпрацоўвалі пабудову 330-мэтровага моста цераз раку Віслу. Яны паставілі яго за паўгадзіны. За працай нямецкіх і брытанскіх вайскоўцаў даглядала амэрыканская вайсковая паліцыя, паветраную бясьпеку падтрымлівалі амэрыканскія верталёты “Апачэ” і польскія верталёты “Сокал”. На працягу дзесяці дзён вайскоўцы адпрацавалі таксама супрацьракетную абарону, сімуляцыю начной атакі з выкарыстаньнем верталётаў і рэакцыю на атаку зброяй масавага зьнішчэньня.

CTK

Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “Pravda”, 17.06.2016 http://spravy.pravda.sk/svet/clanok/396440-cvicenia-nato-v-polsku-preukazali-pripravenost-vojakov/