Паводле РС, “Курапаты – гэта хіпова”

22 чэрвеня 2016 г.

Навіны

“Рэпартаж” з Курапатаў ад 11 чэрвеня можа заняць першае месца ў рэйтынгу гопніцкай творчасьці ў “белрэдакцыі” Радыё Свабода. Яны дакаціліся ўжо і да такога. Маецца на ўвазе відэаматар’ял пад тытулам “Ваяр” і “Малады Фронт” правялі талаку ў Курапатах”. У відэашэрагу паказаныя нейкія рваныя фрагмэнты падзеі. Бэнзапіла рэжа зялёныя дрэўцы, нейкія фігуры цягнуць галіны, нехта кажа пару бяссьвязных сказаў. І фонам гэтаму ўсяму гучыць “хіповая музычка”. Цікава, а пра навядзеньне парадку на магілах сваіх сямейнікаў, сваіх сяброў свабодаўскія гоп-творцы распавялі б у такой жа расперазанай манеры? Пытаньне рытарычнае. Гэтыя ж гоп-творцы прапануюць нам і адказ на пытаньне: “А што, Курапаты – гэта ж “общественное место”, тут усё можна”. У чарговым антыбеларускім выбрыку “белрэдакцыі” РС груба парушана журналісцкая этыка. Мы маем магчымасьць зазірнуць у нутро гэтай публікі, якая ізгаляецца над сьвятой памяцьцю народных пакутнікаў. Яны ўжо ня могуць жыць без збачэнства. Ёсьць пытаньне і да кампаніі, якая хадзіла па Курапатах з бэнзапілой. Чаму гэтыя бадзёрыя асобы зьнішчалі здаровыя маладыя дрэвы? Усё гэта мае прыкметы правакацыі.

Валеры Буйвал