Падрыхтоўка спэктакля паўторнага жанру

20 чэрвеня 2016 г.

Навіны

Працягваецца вадэвільная гісторыя з “Белорусским национальным конгрессом”. Зусім нядаўна некалькі дзесяткаў асобаў “галасавалі” на “сэсіі кангрэса” у сталічным сквэрыку. І вось ужо краіне і сьвету на поўным сур’ёзе прадстаўляецца “Палітбюро ЦК” новай апазыц-пустышкі. У блюзьнерскі спосаб усё гэта рэкламна афармляецца пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам (на якім Пагоня і надпіс “Рэспубліка Беларусь”). Такім чынам група “кангрэсмэнаў” імкнецца прадставіць сваю кантору грамадзтву ў якасьці нейкай квазідзяржаўнай “альтэрнатывы” лукашэнкаўскаму рэжыму. Маўляў, арыентуйцеся на нас, мы будзем выводзіць краіну з крызісу.

У наяўнасьці пад прыкрыцьцём знаёмага жупела “аб’яднаньня ўсіх дэмсіл” адбываецца матэрыялізацыя чарговага апазыц-фантома. Фантом мае дзьве асноўныя задачы. Першая задача найбольш прывабная для элемэнтаў фантома. Гэта ёсьць адпрацаваная форма спампоўваньня фінансавых уліваньняў з Захаду і Масквы для падтрымкі штаноў “кангрэсмэнаў”. Але ня трэба забывацца, што сваю долю з гэтых фінансавых плыняў атрымлівае таксама і рэжым, які добра адпампоўвае грошы з любой аплочанай імітацыі псэўдаў.

Другая задача – генэральная. Аплочаныя апазыц-марыянэткі павінны ўвесьці ў зман беларускае (а таксама міжнароднае) грамадзтва і пастарацца завабіць як мага больш людзей на фальшывыя “выбары” антыбеларускай дыктатуры. Гэтая задача тактычная, на пэўны пэрыяд. Аднак, у выпадку агульнай драматызацыі становішча ў краіне, абвастрэньня эканамічнага і сацыяльнага крызісу фантомны “кангрэс” можа быць выкарыстаны антыбеларускімі сіламі ў стратэгічным накірунку. Фантом абвесьцяць “рэўкомам” і заклікаюць ісьці за “кангрэсмэнамі” на пратэсты, барацьбу і падобнае. Агентура і завядзе натоўпы беларусаў пад зьнішчальны ўдар і разгром. (Успомнім правакацыю 2010 года. Знаёмыя асобы).

Калі, скажам, сытуацыя захавае пэўную стабільнасьць, то “кангрэс” закансэрвуюць і магчыма заменяць яшчэ якім жупелам. Самае галоўнае, што ўсе асобы ў “Палітбюро ЦК” вельмі добра знаёмыя грамадзтву. Беларусам лепш за ўсё трымацца ад гэтых прафэсійных правальшчыкаў як мага далей.

Мы будзем назіраць за дзеяньнямі гэтых “рагоў і капытоў”. Пакуль што яны афармляюць свой інтэр’ер “для саліднасьці”: ставяць на стол манумэнтальную чарнілку, разьвешваюць транспаранты, даюць інтэрв’ю. Адбываюцца рэпэтыцыі ў касьцюмах. Ролю Шуры Балаганава выконвае папулярны комік Дашкевіч, грым Панікоўскага прымярае ня раз ганяны натоўпамі артыст арыгінальнага жанру Слава Сіўчык, удала праходзіць спробы на ролю Адама Казьлевіча тав. Някляеў. Пакуль што рэжысёры задаволены творчай працай непаўторнага калектыва. Што называецца, ars longa!

Марыя Дзеравянка