Падпявала хоча «дагрукацца»

20 июня 2016 г.

Навіны

“ДэмСМІ” распаўсюджвае інтэрв’ю з прадстаўніком яшчэ адной псэўдаапазыцыйнай структуркі тав. А. Лагвінцом, нам. генсека “За свабоду” тав. Мілінкевіча. У адрозьненьні ад некаторых іншых таварышчаў, гэты пэрсанаж выказваецца адназначна і нават пафасна. Інтэрв’ю падаецца нам пад тытулам “Лагвінец: Я хачу быць міністрам эўрапейскіх спраў Беларусі”.

Цытуем адказы на пытаньні гэтага “будучага міністра”:

“Я найперш думаю, якім чынам дагрукацца да максымальнай колькасьці выбарцаў. Якім чынам зрабіць так, каб кампанія была заўважнай, гаварыць пра тыя праблемы, якія цікавяць людзей — і гэтаму дапаможа збор подпісаў. (…)

Самае важнае — гэта каб урэшце мы прыйшлі да сытуацыі, калі ўлада лічыць галасы. І большасьць беларусаў павінны зразумець, што на ўладу трэба націскаць, каб яна лічыла галасы. (…)

Выбарчая кампанія — цудоўная магчымасьць для альтэрнатыўных сілаў паказаць, што яны існуюць. Бо ўлада існуе сама па сабе, грамадзтва жыве сваімі праблемамі, а дэмакратычная супольнасьць часам жыве сваімі праблемамі, якія, вядома, вельмі важныя, але існуюць у пэўным вакуўме”.

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/lahviniec-ja-chacu-byc-ministram-eurapiejskich-sprau-bielarusi/27789108.html

Што праўда, “кандыдат у кандыдаты” (ён выступае ў гэтым амплуа далёка не ўпершыню) так і не патлумачыў наступнае. Ну вось ён “дагрукаецца да максімальнай колькасьці”, добра. А што потым? Станецца міністрам?

Пэрсанаж будзе “гаварыць пра праблемы”, “каб урэшце мы прыйшлі да сытуацыі, калі ўлада лічыць галасы”… “Паказаць, што яны існуюць…”

Слухайце, няўжо за гэтым людзі ва ўсім сьвеце ходзяць на выбары? На выбары (калі гэта сапраўдныя выбары, а не шоў) ходзяць для таго, каб абраць сваіх дэпутатаў. Усё астатняе ад нячысьціка – “гаварыць”, “паказаць”, “дагрукацца”. Няўжо «таварышчы» з псэўдаапазыцыі гэтага не разумеюць? Дык гэта зразумелі ўжо мільёны людзей у Беларусі, якія не выстаўляюцца прафэсійнымі палітыкамі, у якіх іншыя прафэсіі.

А можа мы памыляемся? Тады давайце зьбярэмся грамадой, сходзім на электаральнае шоў, “пагрукаем”, і тав. Лагвінец урэшце зробіцца лукашэнкаўскім міністрам…

Віктар Грышкавец