Рыхтавацца. Сацыяльны выбух не павінен быць заўчасным

15 чэрвеня 2016 г.

Навіны

12 чэрвеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Наперадзе абарона незалежнасьці”. З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца зьвярнуў увагу на актывізацыю расейскіх узброеных сілаў на нашай тэрыторыі і ў памежных зь Беларусьсю раёнах РФ. Масква не пакідае планы па канчатковаму захопу нашай краіны. У той жа час працягваецца захоп нашых прадпрыемстваў і нацыянальных багацьцяў расейскім капіталам, адбываецца кіруемы разгром нашай народнай гаспадаркі, кожны месяц тысячы людзей застаюцца без працы і сродкаў для існаваньня. Гэтым працэсам можа супрацьстаяць толькі згуртаваная нацыя, якая ўсьведаміла, адкуль ідзе небясьпека, хто зьяўляецца сапраўдным ворагам і акупантам і што трэба рабіць, каб абараніць сябе і будучыню сваіх дзяцей.

Адной з задач сапраўдных патрыятычных сілаў зьяўляецца прадухіленьне заўчаснага і непадрыхтаванага сацыяльнага выбуху. Менавіта на такія дзеяньні падштурхвае нашых людзей псэўдаапазыцыя, якая працуе пад камандай Масквы і мясцовага рэжыму. Ім бы хацелася прымусіць беларусаў “выйсьці на вуліцы і плошчы” адразу пасьля абвешчаных рэжымам выбараў 11 верасьня. Нельга дапусьціць паўтарэньня маштабнай правакацыі, арганізаванай псэўдаапазыцыяй 19 сьнежня 2010 года. Ня трэба слухаць іх, ня трэба хадзіць за імі. Трэба зьбіраць сілы і рыхтаваць грамадзтва для пераменаў. Працэсы самаразбурэньня імпэрыі, што ідуць у Расеі, даюць надзею народам, якія прагнуць вызваленьня і самастойнага дзяржаўнага жыцьця.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. З усіх куткоў паступаюць зьвесткі пра ліхаманкавыя дзеяньні агентуры рэжыму, якая распаўсюджвае сярод людзей акупанцкія “тэзісы”: “трэба ўводзіць у нас расейскі рубель, тады зажывем!”, “Лукашэнка – балтун, вось Пуцін гэта да! Абяцаў рускім Крым – і выканаў!” і падобнае. Кампанію ачмурэньня актыўна праводзяць і расейскія тэлеканалы, ды й мясцовыя СМІ. Трэба цярпліва тлумачыць людзям сапраўдныя прычыны крызісу і адпаведныя накірункі выйсьця з гэтай сытуацыі. Пры ўсіх ілюзіях і цяжкасьцях адбываецца ўсё большая актывізацыя грамадзкай думкі. Людзі ўжо адмаўляюцца маўчаць, пачынаюцца дыскусіі. Яны слухаюць патрыётаў і задаюць ім пытаньні. Грамадзтва шукае шляхоў паратунку.

Адной з падзеяў апошняга часу сталі “вучэньні па антытэрарыстычнай апэрацыі”, што на працягу двух месяцаў праводзіліся ў Навалукомлі. Людзі добра зразумелі, што йшлося не пра тэрарызм, а пра адпрацоўку ваеннага становішча. Узброеныя пікеты і патрулі, блок-пастарункі, бранетэхніка на вуліцах, праверкі дакумантаў – усё гэта пабачылі нашы грамадзяне ў сваім горадзе. Быў нават “захоп закладнікаў” з удзелам мясцовых нанятых грамадзян-статыстаў. Яны распавядаюць самае кур’ёзнае: вайскоўцы прасілі “закладнікаў”, каб тыя толькі не супраціўляліся ў “палоне” – “бо вы нам усю гульню папсуеце”. Як бачым, імпэрская гульня разьлічана на тое, каб беларусы не супраціўляліся і аддалі захопніку сябе і сваю краіну. Захопнікі, мабыць, і не разьлічваюць, што беларусы будуць аказваць супраціў. Рабочыя і інжынэры розных прадпрыемстваў краіны распавядаюць пра неаплату расейскім бокам вялікіх колькасьцяў беларускай прадукцыі. Расейскія фірмы пасьля атрыманьня беларускай прадукцыі зьнікаюць, і ўжо няма каму плаціць. Усё гэта цяжарам кладзецца на беларускі народ.

Працягваецца злачынная русіфікацыя дзяцей і моладзі. У школу, нават у сельскай мясцовасьці, прыходзяць дзеці, якія слаба разумеюць беларускую мову. Ліквідацыя нацыянальнай школы акупацыйным рэжымам прыносіць свой страшны плён – падзеньне інтэлектуальнага ўзроўню, панаваньне варварскіх расейскіх лексікі і стэрэатыпаў паводзінаў і каштоўнасьцяў, укараненьне цынізма і агрэсіўнасьці. Перад нашым грамадзтвам стаіць задача выратаваць маладое пакаленьне з азіяцка-маскоўскай бездухоўнасьці

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 12 чэрвеня 2016 г.