НЯМКОВІЧ Вацлаў Адольфавіч (1929 – 30.05.2016)

31 мая 2016 г.

Навіны

Не жыве адзін з старэйшых вэтэранаў нашай Народнай Рэвалюцыі сп. Вацлаў Адольфавіч Нямковіч. Ён узяў быў на сябе важнейшы ўчастак фронтаўскай працы – клопат аб нашай нацыянальнай памяці, аб магілах ахвяраў расейскай акупацыі. На працягу доўгіх гадоў сп. Нямковіч узначальваў Хрысьціянскую Злучнасьць “Курапаты”, дзе аб’ядналіся людзі, азораныя ідэяй захаваньня імёнаў, лёсаў і месцаў пакутніцтва беларусаў. У стварэньні Народнага мэмарыялу “Лес Крыжоў” у Курапатах ёсьць унёсак і Вацлава Адольфавіча. Ідуць да Бога нашы дзяды, але нацыянальную справу прымаюць ад іх маладзейшыя. Непарыўная сувязь пакаленьняў ёсьць асновай жыцьця нашага народу. Выказваем нашы шчырыя спачуваньні сям’і і блізкім нябожчыка.

Сябры і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

30.05.2016