Цікавае чытаньне: Абое рабое альбо рэжым і ягоная апазыцыя, якую рэжым стварыў дзеля сябе

28 мая 2016 г.

Навіны

І што ж гэта здарылася?! Толькі зазьзяла зорка “кандыдаткі ў прэзыдэнты” мадам Караткевіч, толькі яна пачала на поўным сур’ёзе ўдзельнічаць у сустрэчах мясцовай псэўдаапазыцыі з замежнымі гастралёрамі і выступаць на тэму футбола ў Сеціве, а тут бац!.. На Радыё Свабода выступае “наёмны арганізатар выбарчай кампаніі” Я. Берніковіч з разаблачэньнем пад тытулам “Берніковіч: 100 000 подпісаў Караткевіч не сабрала. І ніхто не зьбярэ”.

У разаблачэньні расказваецца, як апазыц-арганізатары шальмавалі і фальсіфікавалі ўсё напрапалую падчас мінулых псэўдавыбараў “прэзыдэнта”. Называюцца сапраўдныя лічбы і факты. Згадваецца кіраўнік выбарчага штабу А. Дзімітрыеў, вядомы агент і правакатар. Разаблачальнік паведаміў нават, што многія зьбіральнікі подпісаў былі “мёртвымі душамі”. “Душы” так і не забралі са штабу свае пасьведчаньні. Але “бесчалавечны рэжым” усіх зарэгістраваў.

Усё гэта было вядома яшчэ ў дні “выбарчай кампаніі”. Але вось, што называецца, прагучала з канкрэтных вуснаў удзельніка і сьведкі фальшаваньняў.

І навошта ўсё гэта адбылося? Можа сп. Берніковіча сумленьне загрызла? Можа і так, толькі ў такім выпадку трэба было б памахаць перад фотакамэрамі пачакам валюты, заробленай на фальшывай “выбарчай кампаніі” і публічна перадаць юдавыя грошы ў які-небудзь дзіцячы дом. Але што там, валюту даўно праелі-прагулялі. Паспрабуем зразумець сэнс акцыі з фінальнай часткі “разаблачэньня” жульніцтва мадам Караткевіч. Цытуем:

“Ніхто не сабраў бы цяпер 100 тысяч подпісаў за кандыдата на прэзыдэнта, працуючы аўтаномна. І ніхто ня зможа аўтаномна працаваць на карысьць сваіх кандыдатаў на будучых выбарах. Трэба аб’ядноўвацца і складаць адзіны сьпіс. Тады будзе карысьць, і толькі тады можна будзе пазьбегнуць фальсыфікацыяў — бо гэта ўжо будзе праца, а не імітацыя!”

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27744916.html

Ага, вось яно што! У тыя разы апазыц-публіка рабіла свае фальсіфікаты паасобку, а цяпер будзе рабіць гуртом. Геніяльна! Падпішамся, пойдзем на “выбарчыя ўчасткі” і “прагаласуем за нашых!” Наколькі мы разумеем, сярод гэтых “нашых” ужо ня будзе мадам Караткевіч. Але мы можам і памыляцца. Чаму б і не падпісацца за мадам? Знайшлі злачынства! Гэтым усе займаюцца і нічога.

Так паступова адбылася і нават канстатавана самымі “апазыц-дзеячамі” зьява пераўвасабленьня. Фальшывая фігура псэўдаапазыцыі эвалюцыянавала і цяпер ужо нічым не адрозьніваецца ад фальшывай фігуры антыбеларускага рэжыму.

Сымон Рудзік