Пасьля публікацыі інтэрв’ю былога кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Грыгорыя Родчанкава стала значна больш відавочнай прырода расейскага палітычнага рэжыму і ягоных посьпехаў.
Бываюць дыктатуры, якія падымаюцца на касьцях падданых. Будуюць піраміды. Запускаюць у космас Гагарына.
Пуцінская – паднялася на мачы. У той час, калі валадар, як эгіпецкі фараон, сядзеў на алімпійскіх трыбунах, назіраючы за посьпехам натрэніраваных падданых, у цалкам сакрэтнай лабараторыі падмяняліся аналізы мачы. Менавіта гэтая адладжаная праца і стала галоўнай прычынай расейскага алімпійскага посьпеху. Любы фараон зьдзівіўся б, калі б даведаўся, што мэдалі падданых забясьпечаны некалькімі кроплямі вадкасьці, якая дрэнна пахне. Але валадар – не са старажытных. Падмяніўшы мачу, ён пайшоў падрабляць вынікі крымскага рэфэрэндума. Нічога складанага – і ў тым, і ў іншым выпадку йшлося пра банальную падробку, пра мочаспусканьне міма слоіка.
Як гэта – жыць у краіне з лабараторыі? І алімпійскія аб’екты – не аб’екты, а зоны распілу, так што на наступны год пасьля сьвята Сочы ператвараецца ў адну вялікую паводку, якая дрэнна пахне. І алімпійскія перамогі – не перамогі, а аналізы. І Крым не наш, а акупаваны. І Расея не дзяржава, а падробка.
Тут бы і пасьмяяцца, працытаваць Салтыкова-Шчадрына. Пагаварыць пра абсурд, пра гатоўнасьць ісьці на любыя махінацыі дзеля ўяўнай велічы вечна адсталай краіны, якая не разумее сьвету па-за сваімі межамі. Але гэта ня сьмешна. Паўсюль гэтыя лабараторныя махінатары пакідаюць за сабой не мачу, а кроў. Кроў украінскага афіцэра, забітага мярзотнікамі ў Крыме. Кроў тысяч людзей, загубленых у бессэнсоўнай бітве за пуцінскую “Наваросію”. Кроў грузін, якія абаранялі сваю Радзіму ад “міратворцаў”. Малдаванаў, якія імкнуліся адстаяць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць. Чачэнцаў, якія гінулі пад бомбамі Пуціна. Азэрбайджанцаў і армян, якія ваююць паміж сабой ужо два дзесяцігоддзя пад адабральнае хіхіканьне з Крамля. І, дарэчы, ужо два супрацоўнікі расейскага антыдопінгавага агенства памерлі пасьля скандала. Сардэчны прыступ, а як жа.
Па пэрымэтру расейскіх межаў усё заліта крывёй. А ўнутры – пахне мачой.
Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://grani.ru/opinion/portnikov/m.251337.html