Бяз гнюснасьці ня могуць жыць

28 мая 2016 г.

Навіны

“Белрэдацыя” Радыё Свабода ў сваім рэпэртуары. 12 траўня “белрэдактары” далі выказацца на сваёй хвалі асобе даволі супярэчлівай, якую прадставілі эфэктна — “раней рок-бунтарка з каронай князёўны, а цяпер прынцэса з архаічнай беларускай казкі — фронтвумэн этнаэлектроннага праекту Е uma”. Руся ў інтэрв’ю нагаварыла рознага пра культуру і беларускую мову, дадаліся аптымістычныя фатаграфіі з усьмешкай. А вось у тытул матар’яла пра Русю свабодаўскія спэцы вынесьлі самае гопніцкае зь яе прамовы – “Руся: “Звычайнаму чалавеку пофігу на беларускую мову”.

Вы можаце ўявіць сябе такі тытул над неадназначным тэкстам на ўкраінскай або якой іншай рэдакцыі Радыё Свабода? Мы ня можам. Здарылася б там такое, то рэакцыя слухачоў-чытачоў прымусіла б кіраўніцтва службы пагнаць высьпеткамі з цёплых радыё-пасадаў усіх, хто меў дачыненьне да гнюснасьці на тэму роднай мовы. А вось на “белрэдРС” усё, аказваецца, можна. За гэта атрымаеш свой ганарар у “зялёных” і пойдзеш на рэлакс: піць каву ў пражскую кавярню. А што такая лексіка, дык гэта ж “цытата з фронтвумэн Русі”.

Руся тут ні пры чым, з багемы нельга патрабаваць за шмат. Яна магла і ляпнуць не падумаўшы. А вось на “свабодзе”, ёсьць спэцы, яны ведаюць, што такое тытул, акцэнты, тэндэнцыя, афарбоўка. Ведаюць і выкарыстоўваюць ўсе гэтыя прыёмчыкі для змаганьня супраць нашай мовы і культуры. Трэба улічыць, што пры гэтым «свабодкаўскае» начальства павінна чытаць кожны матэрыял. І пэўна ж чытаюць. Вядома, для гнюснасьці цяпер час спрыяльны…

Сяргей Камароўскі