26 красавіка патрыёты-фронтаўцы прышлі ў Курапацкую сьвятыню. Людзі ўзьнялі сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, усклалі кветкі пад Крыжамі на пагорку Кальварыя, што ў цэнтры Народнага мэмарыялу. У сумны дзень 30-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы беларусы ўшавалі памяць усіх нявінных ахвяр нашага народу.
Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, і іншыя выступоўцы. Яны казалі пра вялікае няшчасьце, што абрынулася на наш народ 30 гадоў таму. Савецкія ўлады прадэмастравалі тады, як зрэшты і заўсёды, сваю злачынную сутнасьць. Яны хавалі праўду ад людзей, цынічна хлусілі і ўжо тады з дапамогай міжнародных атамных лобі разгортвалі свой антычалавечы экспэрымэнт над нашым народам.
Цяперашні рэжым унутранай акупацыі зьяўляецца пераемцай савецка-маскоўскага злачынства. І цяпер чарнобыльскім генацыдам кіруе Масква, імкнучыся аслабіць і зьнішчыць беларусаў рукамі антынароднага рэжыму. Бонзы рэжыму ў адкрытую заяўляюць, што будуць і надалей татальна “засвойваць” атручаныя радыяцыяй землі. Гэта значыць, будуць прымушаць сотні тысячаў людзей жыць на землях, на якіх нельга жыць, і ствараць атручаную прадукцыю. Жыцьцё наступных пакаленьняў пад сьмяротнай пагрозай.
Спыніць гэтую злачынную палітыку можна толькі палітычнымі мэтадамі. Неабходна ліквідаваць каланіяльную залежнасьць ад імпэрскай Масквы і ўсталяваць у Беларусі беларускі патрыятычны ўрад. Толькі паўнавартаснае існаваньне ў сваёй дзяржаве, мове і культуры дае гарантыю выратаваньня беларускай нацыі. І ніхто, акрамя нас самых, ня здольны і ня будзе змагацца за вызваленьне ад акупацыі. Час канчатковага вызваленьня набліжаецца, імпэрыя зла дагнівае і стаіць на парогу канчатковага развалу. Усім народам будзем адраджаць нашу дарагую Бацькаўшыну, ратаваць будучыню нашых дзяцей і ўнукаў.
Людзі заўсёды будуць вяртацца ў Курапацкую сьвятыню, бо без духоўнай повязі з мінулымі пакаленьнямі і сьвятымі пакутнікамі ня можа быць будучыні.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 26 красавіка 2016 г.