Травеньскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
8 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Клапаціцца пра гонар і годнасьць”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўца спыніўся на тэме эканамічнага крызісу ў нашай краіне. Прамаскоўскі рэжым працягвае “дабіваць” нашу эканоміку. Многія людзі ўжо разумеюць, што гэта не шалёныя дзеяньні вышэйшых самагубцаў, а рацыянальная палітыка акупацыйных уладаў, якія кіруюцца інтарэсамі чужой дзяржавы. Канчатковая мэта імпэрскага ворага Беларусі зразумелая і адназначная – зьнішчэньне нашай дзяржавы і нашага народу. Мясцовы марыянэткавы рэжым – гэта толькі інструмант гэтай палітыкі, у ім няма нічога самастойнага (што, аднак, не здымае крымінальнай адказнасьці з мясцовых выканаўцаў зьнішчальных загадаў Масквы).
Статыстыка дэманструе, што эканоміка знаходзіцца ў катастрафічным стане. Такі стан не можа існаваць доўга, настае калапс. У асабліва цяжкой сытуацыі знаходзяцца буйныя прадпрыемствы, якія некалі былі прыкладамі пасьпяховага разьвіцьця беларускай народнай гаспадаркі. Разгромлена і прафэсійна-тэхнічная адукацыя. Высокакваліфікаваныя рабочыя даўно ўжо пакінулі вялікія прадпрыемствы і падаліся ў прыватныя фірмы.
Навучаньне адбываецца на дапатопнай тэхніцы. У выніку рабочыя на прадпрыемствах ня здольныя вырабляць сучасную прадукцыю. Фінансавая палітыка прадпрыемстваў паказвае, што, ведаючы аб непазьбежнасьці абвалу, адміністрацыя дзейнічае паводле правіла “абы месяц пратрымацца”. Не застаецца сродкаў на разьвіцьцё і мадэрнізацыю. Усе ведаюць, што рэжым забярэ ўсе “лішкі” і з разьвіцьця ўсяроўна нічога ня будзе. Ужо зараз патрыятычным спэцыялістам трэба распрацоўваць праграмы рэстаўрацыі і мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі. Гэтыя працэсы павінны распачацца на наступны дзень пасьля краху акупанцкага рэжыму ў Беларусі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Паступаюць зьвесткі з прадпрыемстваў, якія з помпай наведвае Лукашэнка з камарыльяй. Страх перад рабочымі людзьмі прымушае камарылью і яе начальніка абвастраць захады бясьпекі і рэкламнага прыкрыцьця. Перад візытам “прэзыдэнта” рабочых заганяюць у адзін з цэхаў і зачыняюць дзьверы. На прадпрыемства прывозяць аўтобусамі статыстаў і надзяюць на іх спэцоўкі. Людзі апазналі ў статыстах шэраг асобаў, якія прымільгаліся ўжо ў ролі “народных мас” на БТ. Прывозяць нават падстаўных “шчасьлівых работніц”, якія дораць “прэзыдэнту” кветкі. Кветкі таксама падстаўныя, прывезеныя (мабыць, каб хто не падсунуў “атручаныя кветкі”). Абсурд раздражняе дарослых людзей, якім усё абрыдла.
Патрыёты паразмаўлялі з беларускімі вайскоўцамі. Жаўнеры скардзяцца на мізэрнае харчаваньне і агульную бязглузьдзіцу на службе. На пытаньне: “Ці пойдзеце вы ваяваць супраць украінскага народу?” яны адказваюць: “Мы ўсе разумеем, што такое можа быць, што нас могуць паслаць на гэтую расейскую вайну. Што ж, гэта загад і на пачатку яго будуць выконваць. Але што будзе потым? Ніхто ня хоча ваяваць. Ваяваць за што, супраць каго?” Па ўсёй Беларусі людзі пачынаюць разумець, што так званая “апазыцыя” зьяўляецца часткай антыбеларускага рэжыму. На жаль, СМІ, якія дэкларуюць сваю дэмакратычнасьць і незалежнасьць, таксама зьяўляюцца паслухмяным інструмантам у руках зьнішчальнікаў Беларусі і кіруюцца камандамі з аднаго цэнтру, што бачна ў дзіўнай сінхроннасьці іхніх дзеяньняў, трактовак, аргумэнтацый і г.д. Людзі заўважылі, што гэтыя СМІ адмыслова ствараюць вобраз “апазыцыі” – раздробленай, пасваранай, бездухоўнай.
Кожны іграе сваю ролю: псэўдаапазыцыянэры ўдаюць бязглуздую дзейнасьць, абсурдныя дэкларацыі і т.п., а СМІ нібыта “пішуць праўду” пра гэтую ганебную падстаўную дзейнасьць. Самым канструктыўным і сур’ёзным палітыкам ў дэмСМІ прадстаўляецца менавіта і выключна Лукашэнка. Усё гэта ёсьць злачынная спроба маніпуляваць грамадзкай сьвядомасьцю. Але гэтая гёбэльсаўшчына правальваецца, немагчыма падманваць народ вечна.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 8 траўня 2016 г.