Інстытут Нацыянальнай Памяці: савецкія помнікі зьнікнуць з польскіх гарадоў

3 мая 2016 г.

Навіны

Савецкія помнікі, як падкрэсьлівае Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП), якія сымвалізуюць дамінацыю камуністычнай сістэмы над Польшчай, павінны быць выдалены. Агульнанацыянальны праект ІНП будзе пасланы ў ворганы самакіраваньня ў бліжэйшыя тыдні. – Тое, што яны яшчэ стаяць, зьяўляецца вынікам няскончаных пераменаў у Польшчы ад пачатку 90-х гадоў. Гэта была фатальная памылка, якая гадамі дае затраўку для прапаганды і правакацый, накіраваных супраць нашай айчыны – кажа старшыня ІНП Лукаш Каміньскі.

Йдзеца пра больш за 500 помнікаў “удзячнасьці” Саветам. У значнай меры іх ставіла Чырвоная Армія, і яны не зьяўляліся вынікам спантанных дзеяньняў палякаў. У краіне знаходзіцца таксама шэраг помнікаў, пад якімі ёсьць парэшткі палеглых савецкіх жаўнераў – гэтыя помнікі ня будуць ліквідоўвацца. Планы ІНП тычацца манумэнтаў, пастаўленых у публічных месцах. Польская дзяржава, такім чынам, і надалей будзе дбаць аб могілках, на якіх пахаваны жаўнеры Чырвонай Арміі.

Мы інвэнтарызуем месцы, у якіх яшчэ знаходзяцца савецкія помнікі. Да чэрвеня мы запрапануем акцыю, якая будзе заахвочваць самакіраваньне ліквідаваць савецкія помнікі, яшчэ перад тым, як паўстане адпаведны закон – тлумачыць старшыня ІНП. – Па маіх ацэнках, мы маем вялікі шанец на поспех – падкрэсьлівае ён.

І хаця дэмантаж помнікаў Чырвонай Арміі ня скіраваны супраць Расеі і расейцаў, на працягу гадоў нават згадкі аб іх выдаленьні – што часта было ініцыятывай жыхароў дадзенай мясцовасьці – імгненна станавіліся нагодай для вострай рэакцыі Крамля. Знакавай была хаця б справа помніка ў Пененжне (ваяв. Варміньска-мазурскае) у 2015 г. Гадамі ніхто не цікавіўся ўсталяваным там помнікам савецкаму генэралу Івану Чарняхоўскаму. Сытуацыя дыямэтральна зьмянілася, калі ўлады Пененжна заявілі пра рашэньне аб ліквідацыі гэтага помніка.

Крэмль адрэагаваў не марудзячы – польская амбасадар была выклікана ў МЗС Расейскай Фэдэрацыі. Была распачата таксама сэрыя ўрачыстасьцяў каля помніка Чарняхоўскаму – які ўжо быў тады часткова дэмантаваны і агароджаны. Сяргей Андрэеў, амбасадар Расеі ў Польшчы, падчас ускладаньня кветак да помніка ў дзень 71-х угодкаў сьмерці Чарняхоўскага ў інтэрв’ю для СМІ прыгадваў словы прэм’ера Расеі Дзімітрыя Медведева. Казаў між іншым пра новую халодную вайну паміж Крамлём і Захадам. У апублікаванай заяве ён назваў выдаленьне помніка “блюзьнерскім учынкам”, які выклікае “глыбокае абурэньне”.

Для нас зразумела, што Расея будзе пратэставаць – прызнае старшыня ІНП Лукаш Каміньскі. – Дыпляматычныя службы Крамля вельмі рэзка рэагуюць кожны раз, калі ў Польшчы адбываецца ліквідацыя помніка, прысьвечанага савецкай арміі. Мы павінны гэтую справу вырашыць таксама таму, каб прапаганда Крамля ня мела затраўкі для неаднаразовага раскручваньня гэтай справы, таксама і ў выглядзе правакацый – дадае Каміньскі.

Пра свае дзеяньні мы будзем даваць МЗС інфармацыю ўвесь час. Дыпляматычным прадстаўніцтвам на Усходзе ўжо летась мы выслалі публікацыю з аргумантамі, якія могуць дапамагчы ў супрацьстаяньні магчымым нападкам. Варта памятаць, што гэтыя помнікі ставіла між іншым сама Чырвоная Армія. Ведаючы аб гэтым, мы не дамо пераканаць сябе, што то быў выраз удзячнасьці польскага народа. Гэта такзваныя помнікі ўздзячнасьці – падкрэсьлівае Каміньскі.

Катажына Шаўчук Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: http://wiadomosci.onet.pl/tylko-w-onecie/prezes-ipn-sowieckie-pomniki-znikna-z-polskich-miast/p5j7g7