Украінскі суд прадаставіў дазвол на затрыманьне і арышт начальніка Генэральнага штаба ўзброеных сілаў Расеі Валерыя Герасімава і шэрагу іншых ваенных начальнікаў у сувязі з узброенай агрэсіяй Расеі супраць Украіны.
Як перадае карэспандэнт УНИАН, пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага пракурора – галоўны ваенны пракурор Анатоль Маціяс сёньня на брыфінгу ў Кіеве.
Па яго словах, у сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны паведамлена аб падозры 19 грамадзянам РФ, 14 зь якіх – гэта вайскоўцы УС РФ, якія знаходзіліся і былі дапытаны на тэрыторыі Украіны. Абвешчаныя ў вышук 11 вайсковых.
“Судом прадастаўлены дазвол на затрыманьне і дастаўку ў суд шэрагу ваенных начальнікаў генштаба УС РФ. Гэта начальнік Генштаба Герасімаў, а таксама іншыя ваенныя пасадавыя асобы”, — заявіў галоўны ваенны пракурор.
Таксама Маціяс дадаў, што зараз ва ўкраінскіх судах у сувязі з агрэсіяй Расеі знаходзяцца дзьве актуальныя крымінальныя вытворчасьці супраць расейскіх спэцназаўцаў капітана Яўгена Ярафеева і сяржанта Аляксандра Аляксандрава, а таксама супраць грамадзяніна РФ Гаджыева.
“На дадзены момант уступілі ў законную сілу і ўступілі ў дзеяньне 4 прысуды ўкраінскіх судоў, паводле якіх 5 асобаў прызнаныя вінаватымі ў вядзеньні агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Сярод гэтых асобаў два грамадзяніна РФ – Гарбуноў і Даронін, адзін вайсковец УС РФ – Старкоў, якія асуджаны да пазбаўленьня волі ад 11 да 14 гадоў адпаведна”, — паведаміў Маціяс.
Як паведамляў УНИАН, летась у ГПУ заявілі, што начальніку Генштаба УС РФ Герасімаву і яшчэ 10 расейскім вайскоўцам было паведамлена аб падозры і яны былі абвешчаны ў міждзяржаўны вышук у сувязі з падзеямі ў Ілавайску Данецкай вобласьці ў жніўні 2014 года. Яны падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 437 Крымінальнага кодэксу Украіны (вядзеньне агрэсіўнай вайны супраць Украіны).
Пераклад з расейскай. Крыніца: http://www.unian.net/politics/1295662-sud-razreshil-zaderjanie-i-arest-nachalnika-genshtaba-rf-iz-za-voorujennoy-agressii-protiv-ukrainyi-matios.html