Зьявіўся, не запыліўся. А. Мілінкевіч, замест таго, каб схавацца недзе і не высоўвацца, дае інтэрв’ю пра “Плошчу Каліноўскага-2006”. Ён, як заўжды, вясёлы і бадзёры, прымае свае завучаныя позы і накрываецца фальшывай прытарнай усьмешачкай.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27620580.html
У тытул інтэрв’ю для Радыё Свабода вынесена сэнтэнцыя Мілінкевіча: “Празь 10 год пасьля Плошчы Каліноўскага я зразумеў, што народная рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая. Пакуль што”. Што называецца, “гучыць шматабяцальна”. Можа быць ён ня супраць у чарговы раз узначаліць якую-небудзь “плошчу”? То, успамінаючы падзеі 10-гадовай даўніны, хочацца папрасіць беларусаў нікуды болей не пускаць гэтага “узначальніка”.
За сваю паліткар’ерку Мілінкевіч праваліў усё, што толькі мог праваліць. Пасьля ягонага зьяўленьня на фоне агентурнага расколу Народнага Фронту ў 1999 годзе і завалоданьня значнымі грантаўскімі сродкамі “на дэмакратыю” на Гарадзеншчыне (адкуль ён выйшаў) быў грунтоўна падарваны фронтаўскі рух. Але то быў толькі першы крок, падрыўнік спадабаўся гаспадарам закулісься і быў пераведзены ў сталіцу. Уся краіна назірала ў 2005 годзе камічныя сцэны, калі падстаўныя або падманутыя палітстатысты зьбіраліся ў рэстаранах і на палянках у лесе і “галасавалі за абраньне адзінага лідэра апазыцыі”. Абралі правальшчыка Мілінкевіча. І пачалася раскрутка гэтага цуда гарохавага. Майстар позы і фальшывай усьмешачкі з дапамогай “дэмСМІ” на працягу некалькі месяцаў быў ператвораны ў апазыц-банапарта рэспубліканскага маштаба. І што ж ён там “накіраваў”?
У першы ж дзень народнага пратэсту супраць дыктатуры Мілінкевіч заклікаў масы людзей ісьці прэч з плошчы, каб ўскладаць кветкі да помніка на пл. Перамогі. І масы пайшлі, верачы “адзінаму лідэру апазыцыі”. Але на наступны дзень людзі зноў былі на пл. Каліноўскага і так некалькі наступных дзён, да самага разгрому дзяржымордамі рэжыму намётавага лягеру ў ноч на 25 сакавіка. Раніцай 25 сакавіка дзесяткі тысячаў людзей з усіх канцоў сталіцы сабраліся вакол плошчы Каліноўскага, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю і адсьвяткаваць Дзень Волі. Рэжыму трэба было ўрэшце выцесьніць людзей з тэрыторыі вакол палаца дыктатара. Адбыліся сутычкі з ОМОНом. Але беларусы заўпарціліся і не адступілі. Тады сярод людзей зьявіўся Казулін з невялікай камарыльяй. Ён ішоў і гукаў, каб усе ішлі прэч і зьбіраліся ў сквэры Янкі Купалы. Патрыёты Казуліна не паслухалі і пагналі прэч. Тады праз 15 хвілін у натоўпе зьявіўся Мілінкевіч зь яшчэ большай камарыльяй і таксама пачаў гукаць пра сквэр Я. Купалы. Раскручанаму “адзінаму” людзі паверылі і сышлі прэч, запоўніўшы сабой засьнежаны сквэр. Гутапэрчавы маўр зрабіў сваю справу і выратаваў лукашызм ад народнага гневу. У сквэры ўсе пастаялі, павыступалі і разышліся.
Дарэчы, цяпер трэба чакаць інтэрв’ю-успаміны ад Казуліна, зь ягоным варыянтам міфалогіі. І тут трэба нагадаць, што ў той дзень гэты дзеяч зьдзейсьніў сур’ёзнае злачынства. Ён заклікаў людзей ісьці за ім у бок вул. Акрэсьціна, дзе былі ўвязьнены патрыёты. Больш за 700 чалавек паверылі папу-Гапону і пайшлі за ім. Карнікі напалі на людзей, было шмат параненых і арыштаваных.
Праз 10 гадоў пасьля драматычных падзей 2006 года многія з цяжкасьцю прыгадваюць, хто такі “адзіны лідэр Мілінкевіч”. І ў амплуа папа-Гапона красуецца ўжо іншая асоба – М. Статкевіч. Але мэтады, лексіка, прыёмчыкі падсадных “лідэраў” засталіся тыя самыя: правакацыя, фальш, дэмагогія, цынічная хлусьня. Людзі, якім не абыякавы лёс Айчыны, урэшце павінны абаперціся на свой досьвед, на сумную практыку хаджэньня за правакатарамі і выкананьня іхніх антыбеларускіх праграм. Фальшывых трэба пакінуць сам-на-сам з пустой прасторай вакол іх, трэба гнаць ад сябе гэтую небясьпечную пароду. Павінен прамінуць час наіўнай веры ў пустыя словы і траскучыя заклікі.
Сяргей Камароўскі