Маскоўская пракуратура правярае, ці ў адпаведнасьці з законам дэманстранты скінулі з пьедэсталу помнік Дзяржынскаму ў 1991 годзе.
Пракуроры ўзяліся за працу па заяве Саюза Адвакатаў Расеі. Да тых у сваю чаргу зьвярнулася ўвосень летась “ініцыятыўная група грамадзян”. Адвакаты не паведамілі, хто гэта такія, але прынялі ад іх заяву.
22 жніўня 1991 года – пасьля здушэньня так званага путча Янаева – натоўпы маніфэстантаў сабраліся ўвечары на Лубянцы, перад сядзібай тадышняга КГБ (цяпер там размяшчаецца ФСБ). Маскоўскі гарсавет прыняў рашэньне аб дэмантажы манумэнта. У хуткім часе зьявіўся кран, помніку Дзяржынскаму накінулі жалезную пятлю на шыю і сьцягнулі яго з пьедэстала.
Але сам помнік ня быў зьнішчаны. Разам зь іншымі савецкімі памятнымі знакамі і помнікамі ён быў перанесены ў маскоўскі парк “Музэён” на бераг ракі-Масквы, непадалёк ад Цэнтральнага Дома Мастакоў. Ён і стаіць цяпер там, правакуючы камуністаў і вэтэранаў КГБ, якія ўвесь час дамагаюцца, каб яго вярнулі на Лубянку.
Цяпер таемная “ініцыятыўная група” сьцьвярджае, што паводле даступных дакумантаў сталічных уладаў, помнік фармальна ўсё яшчэ стаіць на Лубянцы. Праз Саюз Адвакатаў яны патрабуюць, каб яго выдалі з “Музэёна”. “Яны гатовыя за ўласны кошт перанесьці яго назад, маюць дастатковую колькасьць транспартных, тэхнічных сродкаў і актывістаў”, заявіў Саюз ў адмысловай заяве.
Аднак, непадалёк ад месца, дзе стаяў перад КГБ Жалезны Фэлікс, ужо пастўлены “Салавецкі Камень”, прывезены з Салавецкіх выспаў, дзе знаходзіліся адны з найцяжэшых савецкіх лягяроў.
У лютым камуністычная партыя запрапанавала правесьці агульнагарадзкі рэфэрэндум аб вяртаньні Дзяржынскага на былое месца перад сядзібай расейскіх спэцслужбаў. Яны сабралі неабходныя для гэтага 150 тысячаў подпісаў жыхароў Масквы.
Але справа затармазілася, бо зьявіўся канкурэнт Жалезнага Фэлікса – кіеўскі князь Уладзімер, пад уладай якога пахрысьцілі Русь (тобок сучасную Украіну), і помнік якому абавязкава хочуць паставіць у Маскве расейскія ўлады.
Анджэй Ламаноўскі Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 12.03.2016 http://www.rp.pl/Swiat/303129993-Czy-Zelazny-Feliks-legalnie-spadl-z-pomnika.html#ap-1