(Красавіцкі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
10 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Аб падзеях, якія маюць значэньне для Беларусі”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўца спыніўся на падзеях у Расеі. Мітусьлівая “законатворчая” актыўнасьць Крамля сьведчыць пра паглыбленьне сістэмнага крызісу, які пагражае гібельлю імпэрыі. Фармаваньне так званай “Нацыянальнай гвардыі” Пуціным – гэта праява страху перад народным гневам і канчатковым крахам. Ня выключана, аднак, што гэтыя сілы могуць быць выкарыстаны ў якасьці акупацыйных супраць беларусаў, украінцаў і іншых народаў, бо Масква не пакідае планаў на разгортваньне поўнамаштабнай інвазіі і захопніцкай вайны перш за ўсё супраць Украіны. Салідарнасьць з змагарным украінскім народам ёсьць галоўнай задачай беларускіх патрыётаў.
Набываюць новыя, часам кур’ёзныя формы крызісныя праявы і ў Беларусі, дзе пануе акупацыйны прамаскоўскі рэжым. Становіцца больш адкрытай і цынічнай лексіка рупараў рэжыму і яго галоўнага “рупара”. Людзі зьвярнулі ўвагу на ягоны выступ перад работнікамі Менскага трактарнага заводу, дзе начальнік рэжыму сярод іншага абяцаў рабочым “спусьціць скуру” зь іх. Але вельмі хутка распаўсюдзілася інфармацыя аб тым, што аўдыторыя на той “сустрэчы з рабочымі” была падстаўная (начальнік рэжыму баіцца рабочых людзей, асабліва ў вялікай колькасьці). Сьведкі падзеі паведамілі, што на тэрыторыю МТЗ прыбылі аўтобусы, адкуль у актавую залю быў выгружаны натоўп невядомых асобаў, апранутых ў спэцоўкі МТЗ. Сярод іх людзі апазналі некалькіх пераапранутых супрацоўнікаў міліцыі. Але многія зьвярнулі ўвагу на паводзіны “акцёрскай масоўкі” – яна сядзела і захоўвала змрочнае маўчаньне, пагрозьліва ўзіраючыся ў словаахвотлівага аратара. Невядома, колькі яшчэ працягне гэты гнілы, прылеплены да яшчэ больш гнілой Масквы, рэжым. Але відавочна, што ён даўно стаў абрыдлым і невыносным нават для структураў, на якіх ён трымаецца.
Самы важны аспэкт цяперашняга гістарычнага этапа – гэта інфармацыйная блакада, у якой знаходзяцца мільёны беларусаў. Маюцца на ўвазе ня толькі агалцелая лукашыстоўская прапаганда і маскоўская гёбэльсаўшчына, але і кіруемая псэўдаапазыцыйная інфармкампанія, якая таксама дзейнічае на аснове дэзінфармацыі і разбуральнай хлусьні. Наша задача – парушыць гэтую блакаду, увесь час даводзіць да нашага грамадзтва праўдзівую інфармацыю аб падзеях і тэндэнцыях у Беларусі і па-за яе межамі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра сацыяльны развал па ўсёй краіне. Рэжым зачыняе школы, асабліва ў вёсках, дзеці вымушаны далёка дабірацца да школы. Рынкі пустуюць, бо ў людзей няма грошай і нанесены ўдар па прадпрыймальніцтву. У сталіцы, іншых гарадах і пасёлках рэжым распачаў рэзкае скарачэньне колькасьці бібліятэк. Мэтай рэжыму ёсьць паглыбленьне дэмаралізацыі насельніцтва. Многія беларусы вяртаюцца дахаты з Расеі, дзе яны працавалі на працягу гадоў. Працы (а дакладней заробкаў) там ужо няма, але ў Беларусі гэтыя работнікі таксама ня могуць знайсьці крыніцу забесьпячэньня сваіх сем’яў. Новыя прыкметы на тэму “заробкаў у Расеі” назіраюцца апошнім часам. Беларусы выязджаюць цэлымі брыгадамі ў Расею, але вяртаюцца назад ужо праз 3-4 дні, з пустымі рукамі. Яны распавядаюць, што расейскія крымінальныя прадпрыймальнікі прапануюць беларусам будаваць шматпавярховыя дамы голымі рукамі, без якой-кольвечы тэхнікі: падымаць на руках бэтонныя блокі на паверхі і г.д. Усё больш людзей разумее, што вырашыць агульныя праблемы можна толькі палітычнымі мэтадамі.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 10 красавіка 2016 г.