Пэнтагон: “Шкодны і дэстабілізуючы ўплыў” – пагроза ад Расеі

2 красавіка 2016 г.

Навіны

Кіраўнік Пэнтагона Эштан Картэр назваў пяць глабальных пагрозаў бясьпецы ЗША, паставіўшы Расею на першае месца. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце ваеннага ведамства ЗША. За Расеяй у сьпісе ідуць Кітай, Паўночная Карэя, Іран і міжнародны тэрарызм.

Заява Картэра прагучала на слуханьнях у Сэнаце, дзе разглядаўся абарончы бюджэт ЗША на 2017 год. “Сёньняшняя сытуацыя ў вобласьці бясьпекі рэзка адрозьніваецца ад таго, што было ў апошнія 25 гадоў. Яна патрабуе новых падыходаў”, — мяркуе міністар.

Пры гэтым ён вызначыў Расею і Кітай як два найбольш небясьпечныя канкурэнты, якія разьвіваюць сістэмы ўзбраеньняў, што ставяць пад пагрозу лідэрства ЗША у паасобных вобласьцях.

Пэнтагон разьлічвае атрымаць на свае патрэбы ў 2017 фінансавым годзе 582,9 мільярда даляраў. Зь іх 523,9 мільярда даляраў складзе базавы бюджэт ваеннага ведамства, а астатнія 58,8 мільярды пойдуць у фонд правядзеньня тэрміновых апэрацый за мяжой. Запытаныя сродкі, падкрэсьліў Картэр, пакрываюць наяўныя і новыя пагрозы бясьпецы.

У лістападзе 2015 года Картэр заяўляў, што Расея кідае выклік міжнароднаму парадку, і ЗША мадэрнізуюць свае ўзброеныя сілы для стрымліваньня расейскай агрэсіі.

“У Эўропе Расея парушае сувэрэнітэт Украіны і Грузіі і актыўна запалохвае краіны Балтыі, а ў Сірыі падлівае бэнзін у агонь небясьпечнага канфлікту, працягваючы грамадзянскую вайну, якая жывіць экстрэмізм, супраць якога сама Расея хацела змагацца, — зазначыў кіраўнік Пэнтагона. – Але найбольшую занепакоенасьць выклікае тое, што Масква грукае ядзернай зброяй. Гэта падымае пытаньні аб адданасьці расейскага кіраўніцтва справе захаваньня стратэгічнай стабільнасьці і павагі да нормаў у адносінах да ўжываньня ядзернай зброі”.

15 кастрычніка Картэр заявіў, што Расея аказвае “шкодны і дэстабілізуючы ўплыў” на сытуацыю ў сьвеце, і ЗША будуць гэтаму ўплыву супрацьдзейнічаць. “Мы зробім усе неабходныя крокі, каб стрымаць шкодны і дэстабілізуючы ўплыў Расеі, яе гвалт і агрэсію”, — запэўніў кіраўнік Пэнтагона, крытыкуючы інтэрвэнцыю Крамля ва Украіне і Сірыі.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://grani.ru/Politics/World/US/m.249685.html