Прыбалты адгароджваюцца ад Расеі

2 красавіка 2016 г.

Навіны

Латвія і Эстонія плануюць пабудову на сваіх межах з Расеяй загароджы, каб павысіць бясьпеку балтыйскага рэгіёну і лепш кантраляваць наплыў уцекачоў, якія спрабуюць патрапіць нелегальна ў Шэнгенскую зону.

Латвія мае намер ачысьціць ад расьліннасьці 12-мэтровы пас на ўчастку даўжынёй 92 км сваёй мяжы з Расеяй, якой працягласьць ёсьць 276 км, і пабудаваць загароджу вышынёй 2,7 м. Гэтая частка мяжы праходзіць у мясцовасьці, якая вызначаецца густой расьліннасьцю, што абцяжарвае назіраньне і аблягчае перасячэньне мяжы мясцовым кантрабандыстам з абодвух бакоў.

Сёлета латышы маюць намер пабудаваць коштам 1,8 млн эўра 24 км агароджы з калючым дротам – паведаміў журналістам дырэктар латышскай Памежнай Аховы Нормундс Гарбарс.

Эстонія таксама распачала працу па ўмацаваньню сваёй мяжы з Расеяй, хаця яшчэ чакаецца зацьвярджэньне парлямантам дэмаркацыйнай дамовы, якую падпісалі абедзьве краіны. Паводле мясцовых эстонскіх СМІ, праект зьвязаны з апасеньнем што да бясьпекі мяжы з Расеяй, хаця ні з эстонскага боку, ні з расейскага ня ўзьнікнуць затарасы, якія маглі б перашкодзіць у выпадку ўзброенага нападу.

У Латвіі пабудова агароджы паўз мяжу будзе працягвацца ад трох да пяці гадоў, а галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства будзе больш эфэктыўнае запабяганьне нелегальнаму перасячэньню мяжы імігрантамі і кантрабандай – паведаміла журналістам Дайга Холма, прадстаўніца латышскага міністра ўнутраных справаў Рыхардса Казлоўскіса.

Да гэтага часу найбольш шматлікімі былі вьетнамскія імігранты, 226 якіх спрабавалі перасекчы расейска-латышскую мяжу летась ў лясістай і балоцістай мясцовасьці. А ў цэлым на мяжы з Расеяй і Беларусьсю ў 2015 годзе латышская памежная ахова затрымала 476 асобаў, у тры разы болей, чым у 2014 годзе.

рар Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 11.03.2016 http://www.rp.pl/Uchodzcy/160319839-Lotwa-i-Estonia-planuja-budowe-ogrodzenia-na-granicy-z-Rosja.html